Акцыя «Ад усёй душы» ахопіць каля паўмільёна беларусаў. Пра гэта заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка падчас наведвання Мікалаеўшчынскага сацыяльнага пансіяната «Нёманскі» ў Стаўбцоўскім раёне, паведамляе БелТА.
У час акцыі асаблівая ўвага надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы, адзінокім пажылым людзям, пажылым грамадзянам і інвалідам, якія знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, бальніцах сястрынскага догляду, хоспісах. Сёння віцэ-прэм’ер наведаў Мікалаеўшчынскі сацыяльны пансіянат «Нёманскі», азнаёміўся з умовамі пражывання, павіншаваў людзей, якія там пражываюць, са святамі.
«Акцыя „Ад усёй душы“ праводзіцца ў нашай краіне ўжо трэці год па ініцыятыве Прэзідэнта. Калі мы ахапілі летась 330 тыс. чалавек, думаю, сёлета за паўмільёна выйдзем. Мы ўдзяляем увагу не толькі тым людзям, якія пражываюць у пансіянатах, але і ў цэлым у маштабах краіны: тых, хто адзінока пражываюць, а таксама пражываюць у сельскай мясцовасці і маюць патрэбу ў дапамозе ў сілу розных абставінаў. Гэтая дапамога аказваецца з боку нашых маладзёжных арганізацый — БРСМ, БРПА, актыўна ўключыліся ў гэта Беларускі саюз жанчын, нашы прафсаюзы, ветэранская арганізацыя. Кожны неабыякавы чалавек павінен клапаціцца пра людзей, якія стварылі і вельмі многае захавалі для нас. Наш абавязак аказваць ім усялякую дапамогу і садзейнічанне», — сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён адзначыў, што ў пансіянаце «Нёманскі» 310 чалавек, з іх 250 — адзінокія людзі. «Кожнаму чалавеку патрэбна ўвага, асабліва нашым заслужаным людзям, якія сваёй працай, сваёй стараннасцю будавалі, кавалі кожны на сваім месцы нашу агульную працоўную перамогу, працавалі для развіцця краіны. Дзяржава гарантуе ўвагу і клопат кожнаму чалавеку, які добрасумленна працаваў і ў сілу розных жыццёвых абставінаў аказаўся ў пансіянаце. Адзінокім пажылым людзям сапраўды важная ўвага, дабрыня, і не толькі з боку персаналу, які аказвае неабходную дапамогу і садзейнічанне, але і ад моладзі. Наладжана ўзаемадзеянне пакаленняў, сюды прыязджаюць валанцёры. Хлопчыкі і дзяўчынкі чытаюць вершы, танцуюць, спяваюць песні, камунікуюць, запісваюць жыццёвыя гісторыі нашых паважаных людзей, якія тут жывуць адзінай дружнай сям’ёй. Гэта сведчанне таго, што мы рухаемся ў патрэбным кірунку», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, у краіне каля 100 бальніц сястрынскага догляду, дзе пацыенты праходзяць рэабілітацыю. «А яшчэ ў нас каля 80 пансіянатаў, і людзі, якія пражываюць там, у асноўным адзінокія, не абдзеленыя ўвагай, яны ўцягнутыя ў актыўнае грамадскае, культурнае жыццё, і гэта дазваляе ім фізічна і псіхалагічна аднаўляцца, дэманстраваць маладому пакаленню імкненне да лепшага. Таксама ў нас 67 цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з кругласутачным знаходжаннем людзей. Уся гэтая сістэма, выбудаваная ў маштабах краіны, дае магутны эфект і стымул для пазітыўнага развіцця. Тая палітыка, якая праводзіцца кіраўніком дзяржавы, сапраўды сацыяльна арыентаваная, мы будуем і развіваем дзяржаву для народа. Мы павінны дапамагаць нашым заслужаным людзям, ствараць неабходныя ўмовы, дарыць душэўнае цяпло», — сказаў на заканчэнне Ігар Петрышэнка.