Беларусь мае намер пашырыць супрацоўніцтва з Кубай у фармацэўтыцы, турызме і спорце. Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кубы ў Беларусі Сант’яга Перэсам Бенітэсам, перадае БелТА.
«Мы зацікаўлены, каб наша супрацоўніцтва развівалася, наш тавараабарот рос. Як мінімум, мы павінны дасягнуць тых лічбаў, якія былі літаральна два-тры гады таму. Потым мы трошкі пачалі прытармажваць. Таму нам трэба намеціць шляхі развіцця супрацоўніцтва для таго, каб падняць узровень нашых гандлёвых адносін на больш высокую планку ў абсалютных лічбах», — сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь і Кубу аб’ядноўвае стратэгічнае партнёрства. «Мы традыцыйна падтрымліваем адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях. Мы ўдзячныя кубінскаму боку за падтрымку ініцыятыў Беларусі ў ААН. Нам вельмі прыемна, што Куба адыгрывае вельмі актыўную ролю як дзяржава-назіральнік у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Зараз Беларусь старшынствуе ў ЕАЭС, для нас вельмі важная ваша актыўная роля. Нам вельмі важна, каб Куба працягвала нарошчваць узаемадзеянне з ЕАЭС. Таксама прыемна адзначыць, што Куба атрымала статус дзяржавы-партнёра БРІКС. Гэта арганізацыя, на якую мы вельмі сур’ёзна арыентуемся, для нас важна развіваць супрацоўніцтва ў рамках шматбаковай дыпламатыі», — зрабіў акцэнт Ігар Петрышэнка.
На сустрэчы дэталёва абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі на Кубу ў ліпені 2024 года.
«У дачыненні да сацыяльнага блоку ў першую чаргу гэта ахова здароўя, фармацэўтыка, адукацыя, навука, спорт, турызм. У вас прадстаўнічая дэлегацыя, якая гатова абмяркоўваць пытанні фармацэўтыкі. Для нас гэта вельмі важна. Мы ведаем вашы кампетэнцыі. Асабліва гэта паказаў COVID-19. Мы не проста здзяйсняем гандлёвыя аперацыі ў дачыненні да фармацэўтычнай прадукцыі, а ўжо значна прасунуліся і стварылі сумеснае прадпрыемства ў гэтай сферы. Такіх праектаў павінна быць значна больш у нашых узаемаадносінах. Мы таксама зацікаўленыя, каб і беларускія лекавыя прэпараты замацаваліся на рынку Кубы. Яны канкурэнтаздольныя па якасці і цане», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Беларусь зацікаўлена і ў супрацоўніцтве з Кубай у сферы навукі, адукацыі, біятэхналогій, біяарганічнай хіміі, ветэрынарыі.
Ігар Петрышэнка адзначыў, што асаблівая ўвага надаецца развіццю турызму. Пры гэтым важна, каб не толькі беларусы лёталі на Кубу, але і кубінцы больш актыўна наведвалі Беларусь.
«Мы бачым вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва ў сферы спорту. Ведаем, як культывуецца і развіваецца спорт на Кубе. Мы таксама спартыўная краіна. Для нас вельмі важна актывізаваць узаемадзеянне ў гэтым кірунку», — дадаў віцэ-прэм’ер.