Top.Mail.Ru

Пецярбургскія таямніцы раскрые беларусам «Драматычны тэатр на Васільеўскім»

Госці з Санкт-Пецярбургу пакажуць у Мінску тры спектаклі


Можна сябраваць тэатрамі, і гэта мае свой плён, бо дае магчымасць прапаноўваць публіцы больш разнастайную афішу. Так, у маі Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр падорыць сустрэчу з піцерскімі артыстамі. А хто можа найлепш распавесці пра гэты горад яго адметнай атмасферай? І спектаклі для паказу ў Мінску абралі адпаведныя. 

Напрыклад, на адкрыцці гастролей пакажуць пастаноўку «Пір», створаную паводле аднаго з прадстаўнікоў пецярбургскай эліты ХІХ стагоддзя Аляксандра Пушкіна. Праўда, каб напісаць «Маленькія трагедыі», Пушкіну давялося выехаць з Пецярбургу ў Болдзіна, дзе яго чакала плённая восень падчас эпідэміі халеры. Можа быць гэта натхніла аўтара на тэму «Піру падчас чумы» — адна з частак «Маленькіх трагедый», да таго ж, спасылка на яе дадзена ў назве спектакля рэжысёра Рамана Смірнова. Не варта забывацца, што «Маленькія трагедыі» — гэта філасофскі погляд на лёс чалавека, яго зямное жыццё і смерць. Тэмы вечныя, але пра іх нагадваюць пушкінскія героі — Моцарт і Сальеры, Дон Жуан і Дона Ганна, Барон Піліп і Альбер, яго сын а таксама Старшыня, які вырашыў баляваць у складаны час. Рэжысёр рабіў акцэнт на тым, што часам у чалавечых словах мы чуем адзін сэнс, у той час як учынкі сведчаць пра іншае. Цікава і тое, што думкі Пушкіна ўвасобяць некалькі пакаленняў артыстаў Тэатра на Васільеўскім, сярод якіх знаёмы публіцы народны артыст Расіі Сяргей Паршын. Гэты спектакль патрабуе пэўных сцэнічных умоў, іх забяспечыць сцэна «Спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў» — у гэтай зале ўсе ўмовы для тэатральнага паказу шырокай публіцы. 

А ўжо 17 мая на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра госці распавядуць пра свой горад — праз спектакль «Пецярбург» паводле сучаснага аўтара Юліі Тупікінай у пастноўцы Дзяніса Хусніярава. Вось дзе ажывуць міфы таямнічага горада! У нас ёсць магчымасць не выязджаючы з Беларусі пра іх даведацца ад тых, хто стала жыве і адчувае душу гэтага места. Героі — прадстаўнікі сям’і пецярбургскіх інтэлігентаў. У адной з роляў занятая народная артыстка Расіі Наталя Кутасава. 

На наступны дзень — зноў класіка, на гэты раз паводле Максіма Горкага «Мяшчане». 18 мая сустрэча адбудзецца таксама ў маладзёжным тэатры, у якога адметная публіка — людзі розных пакаленняў. Гэта мае значэнне, бо ў спектаклі гаворка пра вялікую заможную сям’ю, у якой прадстаўнікі розных узростаў не могуць прыйсці да паразумення. Сваё адчуванне герояў Горкага прадставіў галоўны рэжысёр тэатра на Васільесўкім Уладзімір Туманаў. У акцёрскім ансамблі прыцягне ўвагу вобраз, створаны народным артыстам Расіі Юрыем Іцкавым, які нам вядомы па шматлікіх кінаролях. 

Наогул, паводле таго, што рыхтуе для нас тэатр з Санкт-Пецярбургу, можна спадзявацца на зварот да чалавечай цеплыні і ўтульнасці ў нетыповыя для мая халаднаватыя дні. Добры час для таго, каб схадзіць у тэатр.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю