Top.Mail.Ru

Петунія, бягонія, вербена і колеусы. Беларус вырошчвае ў цяпліцы амаль 50 разнавіднасцей кветкавых раслін

Якія толькі дэкаратыўныя расліны не сустрэнеш на ўчастку Аляксандра Кеўры з вёскі Насілава Маладзечанскага раёна. Вербена, гваздзік, сурфінія, бягонія, пеларгонія, петунія — усяго тут расце каля 50 відаў. І кожны год ён высаджвае ўсё новыя. Якія кветкі ён любіць паведамляе БелТА.



З першых хвілін нашай гутаркі Аляксандр з усмешкай прызнаецца, што любоў да кветак у яго з самага дзяцінства. Яшчэ хлопчыкам яго адпраўлялі на ўсе летнія канікулы — літаральна з мая па жнівень — у вёску ў Іўеўскі раён. Гаспадарка ў бабулі Ядвігі ў Суботніках была немалая: тры каровы, пяць свіней, немаленькі агарод і... велізарны кветнік! Дзень і ночь працуючы на хатняй гаспадарцы і на падворку, бабуля Сашы знаходзіла сілы і час на прыгожае: ружы, півоні, рамонкі... Яе любоў да кветак перадалася і ўнуку.

Калі стаў дарослым, ён знайшоў блізкую душу і падтрымку ў сваім захапленні ў асобе цудоўнай дзяўчыны, сваёй будучай жонкі Юліі. Праўда, шлях да кветаводства ў іх быў доўгім і няпростым, але ўвянчаўся поспехам.

— Люблю кветкі за прыгажосць. Па гэтай жа прычыне яны падабаюцца ўсім жанчынам. І, што самае галоўнае, іх любіць мая жонка. Вось і выкладваюся максімальна! — прызнаецца Аляксандр Кеўра.


Сёння кветкавы асартымент сям’і Кеўра складае 40-50 разнавіднасцей. Гэта вербена, гваздзік, сурфінія, бягонія, пеларгонія, петунія... Галоўныя памочнікі ў гэтай няпростай, але такой прыгожай справе — трое сыноў. Юлія Васільеўна — галоўны прадавец кветкавай прадукцыі, якую муж і жонка рэалізуюць на ўніверсальным рынку ў Маладзечне, дастаўляючы яе туды на ўласным мікрааўтобусе.


Попыт муж і жонка вывучаюць праз інтэрнэт, а таксама ў час продажаў кветак на рынку.

— Часта пакупнікі называюць тыя віды і сарты, якімі яны хацелі б упрыгожыць свае дамы і клумбы, але на момант іх візіту такіх раслін у нас не было. Стараемся вырошчваць менавіта тое, аб чым яны мараць, — адзначае наш герой.


Па тым, з якой гордасцю гаспадар прадстаўляе па чарзе расліны ў яго царстве кветак, адразу становіцца зразумела: ён іх выдатна ведае і любіць, як і густы беларусаў.

— Петуніі — любіміцы ландшафтных дызайнераў і дачнікаў. Іх пышны «шар» з кветак радуе з пачатку лета і да самых замаразкаў, а пах — тонкі і прыемны — толькі ўзмацняецца пад вечар, — гаворыць наш герой. — У дзясятку папулярных у беларусаў уваходзяць і мае любімыя аксаміткі. Попытам карыстаюцца і сурфініі (ампельныя петуніі) — фаварыты вертыкальнага азелянення. Іх галоўная прывабнасць — у бесперапынным каскадным цвіценні і высокай устойлівасці да капрызаў надвор’я.

Аглядаючы цяплічныя ўладанні, мы звярнуліся за парадай: што пасадзіць сёлета на сваім участку?

— Высаджваць тыя кветкі, якія даспадобы. Пры гэтым, калі з нейкай кветкай у вас не атрымалася, рэкамендую прадаўжаць эксперыментаваць! — тут жа адказвае Аляксандр.


Аляксандр Кеўра — герой нашага праекта «Беларусы ў кадры». Пагаварылі з ім аб разнавіднасцях садовых кветак, якія палюбіліся беларусам. Даведаліся, як вырошчваць дэкаратыўныя расліны ў цяпліцах і ў чым асаблівасці кожнай з іх.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю