Пілігрымы з усёй Беларусі прыбываюць да санктуарыю Маці Божай Будслаўскай на штогадовую ўрачыстасць, паведамляе БелТА.
У Нацыянальны санктуарый у Будславе ўжо прыбылі пілігрымы з Ліды, Жодзіна, Полацка, Ракава, Нарачы, Мінска, Браслава, Росіцы, Вілейкі. Чакаюцца таксама вернікі з іншых населеных пунктаў.
Адна з пілігрымак — посная — працягвалася пяць дзён. Шлях вернікаў пачаўся ў Мінску, і ўвесь гэты час яны ішлі да Нацыянальнага санктуарыю, ужываючы выключна ваду.
Неўзабаве пілігрымы возьмуць удзел у святой Імшы. Затым пройдзе Хрэсны шлях. Запланавана маладзёжная праграма. Завершыць сённяшні дзень працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, пасля якой апоўначы пачнецца Імша.
Падчас усёй урачыстасці вернікі могуць пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай і памаліцца перад ім.
Сёлетні Будслаўскі фэст у Нацыянальным санктуарыі пачаўся на наступны дзень пасля традыцыйнага парафіяльнага свята. Такім чынам, святкаванні ў гонар Маці Божай Будслаўскай праходзяць з 2 па 4 ліпеня.
Сёлета адзначаецца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму галоўным дэвізам на ўрачыстасцях у Будславе былі абраны словы: «Богу слава — Марыі давер — Касцёлу вернасць», якія з’яўляюцца адлюстраваннем мэты святкавання: годна праславіць Бога, дзякуючы за дар адраджэння Касцёла, аддаць пад апеку Маці Божай сябе і сваіх блізкіх і выказаць гатоўнасць верыць і быць у супольнасці Касцёла да канца жыцця.
Падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца Прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а значыць, Касцёла ў Беларусі, Найкаштоўнейшай Крыві Хрыста.
Будслаўскі фэст — штогадовая урачыстасць у гонар цудатворнага абраза Божай Маці Будслаўскай, які знаходзіцца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Абраз славіцца шматлікімі цудамі. Першае афіцыйнае масавае паломніцтва да цудатворнага абраза адбылося ў 1992 годзе.