28 лістапада ў праваслаўных вернікаў пачынаецца асаблівы перыяд – час Каляднага посту. Ён мае яшчэ адну назву Піліпаў пост (у народзе – Піліпаўка), бо ўстаноўлены ў гонар аднаго з апосталаў Ісуса Хрыста Піліпа, памяць якога царква ўшаноўвае напярэдадні, 27 лістапада
З гісторыі
Калядны пост вядомы з раннехрысціянскіх часоў. Гэта адзін з чатырох шматдзённых пастоў, які працягваецца 6 тыдняў з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна. Галоўная яго мэта – духоўнае ачышчэнне чалавека праз пакаянне і малітву.
Пост устаноўлены дзеля духоўнага прыгатавання да сустрэчы свята Раства Хрыстова. Яго назва звязана з тым, што загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа, аднаго з 12 апосталаў, які паходзіў з Віфсаіды ў Галілеі. Пасля Узнясення Хрыста на неба, Піліп разам са сваёй сястрой Марыяй шмат падарожнічалі па свеце з пропаведзямі: былі ў Галілеі, Грэцыі, Сірыі і Малой Азіі, усюды здзяйсняючы вялікія цуды. Іх закідвалі камянямі, садзілі за краты, выганялі з населеных месцаў і, аднойчы, за прапаведванне слова Божага ў Фрыгіі святога апостала Піліпа схапілі і ўкрыжавалі ўніз галавой, пасля чаго ён загінуў. Жыццёвая стойкасць духу і веры гэтага святога – прыклад адпаведных паводзін падчас посту для вернікаў.
Каталіцкі Адвэнт: чатыры тыдні надзеі
Каталіцкі Адвэнт (ат лат. adventus – «прышэсце») сёлета пачынаецца 29 лістапада і працягнецца да 24 снежня, а 25-га католікі сустрэнуць адно з галоўных хрысціянскіх свят – Раство Хрыстова.
У католікаў падрыхтоўка да Раства мае свае асаблівасці. Адвэнт пачынаецца за чатыры нядзелі да свята і сімвалізуе чаканне прышэсця Ісуса Хрыста.
У адрозненне ад праваслаўнага Каляднага посту, каталіцкая традыцыя не прадугледжвае абавязковай шматтыднёвай адмовы ад мясных і малочных прадуктаў. Асноўная ўвага ўдзяляецца малітве, пакаянню, дабрачыннасці і ўнутранай падрыхтоўцы да свята. Вернікі могуць добраахвотна абмяжоўваць забавы, звыклыя задавальненні і залішнія выдаткі.

Адзін з самых вядомых знакаў Адвэнту — вянок з яловых галінак з чатырма свечкамі. Кожную нядзелю запальваюць па адной новай свечцы. Да апошняга тыдня перад Раством гараць ужо ўсе чатыры.
У католікаў кожная з чатырох нядзель Адвэнту мае асаблівую тэму, якая звязана з біблейскімі прароцтвамі.
У гэтыя дні ў каталіцкіх храмах праходзяць асаблівыя ранішнія богаслужэнні — рараты, прысвечаныя Панне Марыі. На іх прыходзяць цэлымі сем'ямі.
Яшчэ адна папулярная традыцыя — адвэнт-каляндар. За яго акенцамі могуць хавацца невялікія падарункі, ласункі ці заданні, якія нагадваюць вернікам аб добрых учынках.
Пост — час для самаўдасканалення
Нягледзячы на розніцу ў календарах і абрадах, сутнасць перыяду перад Раством Хрыстовым у хрысціян адзіная: запаволіцца ў паўсядзённай мітусні, удзяліць больш увагі малітве, міласэрнасці і клопату аб родных
Галоўная мэта Каляднага посту — духоўнае ачышчэнне чалавека праз пакаянне і малітву. Ён закліканы дапамагчы нам лепш зразумець свой унутраны духоўны свет, пераадолець у сабе ўсё дрэннае і злое. Пост — час для самаўдасканалення. Ён павінен быць шчырым, не напаказ.
Пост мае дзве састаўныя часткі: цялесную і духоўную. Калі цялесная найперш датычыцца абмежаванняў, звязаных з патрэбамі цела, то духоўная звязана з патрэбамі душы.

Калі мы толькі не спажываем ежу жывёльнага паходжання, але не вядзём духоўнае змаганне з грахом, не прытрымліваемся посту, то атрымліваецца, што проста «сядзім на строгай дыеце». Духоўнай карысці ад гэтага няма ніякай. Толькі сукупнасць цялеснага і духоўнага ўстрымання з малітвай і верай прынясе нам карысць.
Калядны пост, як і любы іншы, прадугледжвае не толькі гэта. У час яго трэба наладзіць спакойнае жыццё, знаходзіць больш часу для духоўных спраў, дабрачыннасці, клопату пра тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
Народныя традыцыі. «У Піліпаўскія ночкі прадуць штаны, сарочкі»
Абед у Піліпаўку
Пачаўся пост – і гаспадыні, прыбраўшы са стала ўсю скаромную ежу (яйкі, мяса, малако, тварог), пачыналі выкарыстоўваць назапашаныя з лета і восені гародніну, грыбы, ягады (перш за ўсё брусніцы і журавіны), канапляны і льняны алей, а таксама сушаную рыбу. Дарэчы, рыбу не толькі сушылі, але ўжывалі засоленую і, зразумела, свежую. Так, на кірмашы куплялі не толькі даволі танных селядцоў, але і лёк (расол ад селядцоў). Ды й наогул рыбу адварвалі, запякалі, вэндзілі, марынавалі, з яе рабілі халадзец, варылі юшку.
У зімовы пост нашы продкі пераважна ўжывалі зерне (жыта, ячмень, авёс), грэчку, фасолю, сачавіцу, гарох, боб, буракі, рэпу, рэдзьку, бручку, капусту, бульбу, цыбулю, часнок. Да таго ж назапашвалі (салілі і сушылі) крапіву, снітку, шчаўе, лебяду, насенне лёну і канапель, гарбузікі, арэхі, сухафрукты і мочаныя яблыкі.

«У Піліпаўку кормяць малочным толькі дзяцей да 10 гадоў, а так больш нікому не давалі скаромнага, ні людзям, ні скаціне. Поснае ўсё сваё дабывалі: і грыбы сушылі, і каноплі сеялі да масла гналі з яго, і так таўклі і елі з галушкамі, рыбу куплялі... У нядзелю елі падкалотку: даўней міскі былі такія гліняныя, дык наразаеш у іх рыбіны штук дзве, разбаўтаеш туды мукі, алею канаплянага ўліеш — і ў печ. Гэта ў нядзелю, а ў буднія дні капусту вараць, бульбу параць, расолу прынясуць...» — вось такое апісанне поснай ежы зафіксавана ў вёсцы Асава Клічаўскага раёна.
З наступленнем посту пачыналіся Піліпаўскія вячоркі — дзявочыя працоўныя вечары
На парозе — зіма, трэба было спяшацца звязаць шкарпэткі, шапачкі для ўнукаў. У народзе казалі: «У Піліпаўскія ночкі прадуць штаны, сарочкі».
«Попрадкі», «Кудзеліца». Прадзенне кудзелі было адной з важных работ у гаспадарчай дзейнасці жанчын. Нездарма ж казалі: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш». А зіма наперадзе чакала до-о-о-о-ооўгая… Шмат чаго можна было напрасці, наткаць, навязаць, нашыць… Дзяўчаты найперш гэта рабілі, каб нарыхтаваць сабе да вяселля пасаг. А вяселлі — усё, заканчваліся… Пост наперадзе.
У кожнай вёсцы збіралася некалькі асобных гуртоў дзяўчат, якія вызначаліся сваім сяброўствам, сваяцтвам або суседствам. І кожны вечар такі гурт прыходзіў у новую хату — да наступнай дзяўчыны. Кожная з дзяўчат несла на попрадкі сваю прасніцу ці калаўрот, кудзелю, верацяно. Хадзіць на вячоркі дзяўчаты-падлеткі пачыналі з 12–14 гадоў. У гурт дзяўчат больш старэйшага ўзросту абавязкова заходзілі хлопцы, якія прыглядаліся да стараннай працы будучых нявест. Таму хадзіць на попрадкі для дзяўчат перадшлюбнага ўзросту было асабліва важным, бо падчас такіх сустрэч узнікала закаханасць паміж моладдзю і складваліся сямейныя пары.

У народным календары з Піліпаўкай звязана шмат розных прыкмет і традыцый
Перш за ўсё, лічылася, што ў гэты люты час ваўкі і сабакі пачынаюць «ладзіць вяселлі». Сяляне на гэты конт звычайна казалі: «Разгуляцца, як ваўкі на Піліпаўку», або «Танцаваць, як стары воўк на Піліпаўку». Менавіта таму не рэкамендавалася хадзіць у лес гэтай парой, тым больш што ў сялян хапала сельскагаспадарчай працы.
Да Піліпавага посту сяляне павінны былі паспець «зрабіць свежыну». Гэта значыць закалоць кабанчыка і нарабіць усялякіх мясных прысмакаў. Вось толькі пачаставацца імі можна было толькі да 28 лістапада, паколькі далей пачынаўся пост.
У нашых продкаў былі свае спосабы прадбачыць пагодныя з’явы далёка наперад. Не выключэннем была і Піліпаўка, на працягу якой паводле сваіх назіранняў прадказвалі прагноз на будучае лета:
-
калі непагадзь суправаджае калядныя запусты, то лета будзе ўраджайным;
-
на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае — май будзе мокры;
-
калі на саланіне, павешанай сушыцца, з’яўляюцца кроплі расы, то будзе дождж;
-
калі кот скача на прыпек, то будзе мароз;
-
калі свойская гусь стаіць на адной назе і дзюбу хавае пад крыло, то будзе холад;
-
калі надвор’е на Піліпаўку добрае, то добрае будзе і на Пятроўку (Пятроў дзень);
-
калі дровы ў печы весела гараць, то будзе мароз.