Мінчанка хацела рэкламаваць жаночую бялізну і паўдзельнічала ў анлайн-кастынгу. Вынік — ледзь не страціла 6000 рублёў. Як мінімум.
У Партызанскае РУУС сталіцы звярнулася 19-гадовая мінчанка, якая стала ахвярай махляроў, паведамляе прэс-служба ўнутраных спраў Мінгарвыканкама.
Пацярпелай у месенджары напісала незнаёмка, якая прапанавала паўдзельнічаць у фотаздымцы ў якасці мадэлі для магазіна ніжняй бялізны і запрасіла на анлайн-кастынг.Падчас відэазванка пад маркай праверкі на адсутнасць татуіровак дзяўчыну пераканалі распрануцца перад камерай. Неўзабаве пасля гэтага яна атрымала паведамленне з патрабаваннем перавесці больш за 6000 рублёў у эквіваленце за нераспаўсюджанне ў інтэрнэце яе здымкаў інтымнага характару, зробленых падчас кастынгу.
Мінчанка спалохалася і вырашыла перавесці на ўказаны рахунак частку патрабаванай сумы — каля 700 рублёў. Аднак фінансавая аперацыя была заблакіравана банкам, і дзяўчына, падазраючы, што стала ахвярай падману, звярнулася ў міліцыю.
Міліцыя распачала крымінальную справу за вымаганне.