На трасе М6 укараняюць новую сістэму абароны ад жывёл. Пілотны праект сістэмы ўжо працуе на трасе М10. Што ён з сябе ўяўляе, расказаў начальнік галіновай дарожнай лабараторыі Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута «БелдарНДІ» Сяргей Кабак, перадае БелТА.
«У адзіным экзэмпляры ў Беларусі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук на аўтамабільнай дарозе М10 (граніца Расійскай Федэрацыі — Гомель — Кобрын) вядзецца пілотны праект па ўладкаванні наземнага перахода для дзікіх жывёл, — расказаў Сяргей Кабак. — Ідзе папярэджанне кіроўцаў пра набліжэнне звера да праезнай часткі праз устанаўленне датчыкаў руху ў праёме сеткі. Адпаведны сігнал ідзе на дарожны знак зменнай інфармацыі. Ён пачынае свяціцца, калі жывёла знаходзіцца ў раёне датчыка. Яна можа быць не зусім на праезнай частцы, але ў непасрэднай блізкасці. На падыходах да перахода ўладкаваныя шумавыя палосы з буйнога друзу з мэтай стварэння дыскамфорту для капыт жывёл, каб ім не хацелася пераскочыць праз гэту павярхоўную апрацоўку. Устаноўлена асвятленне, якое выконвае дзве функцыі: яно не толькі падсвятляе мясцовасць, але і адпуджвае жывёл ад уваходу ў асветленую прастору».
Гэта канструкцыя эксплуатуецца каля двух гадоў і пастаянна дапрацоўваецца. «Мяркуецца, што ў бліжэйшы час гэты досвед будзе маштабаваны на ўсю краіну», — выказаў меркаванне начальнік галіновай дарожнай лабараторыі. Аналагічная інфраструктура ствараецца на трасе М6 (Мінск — Гродна) у Валожынскім раёне.
Акрамя таго, на ўчастку М6 будуць прымяняцца так званыя тэхаскія вароты (або «канадскі жывёлапрагон»). Гэта канструкцыя вырашае праблему прымыканняў і перасячэнняў, дзе эфектыўнасць звычайных сетак падае: спецыяльная пласціна стварае для жывёлы дыскамфорт, і яна паварочвае назад. Таксама канцы сетак будуць абсталяваныя адмысловымі аднабаковымі клапанамі. Гэта дазволіць прадухіліць сітуацыі, калі жывёла, дойшоўшы да канца агароджы, выходзіць на дарогу. Клапан дасць магчымасць зверу сысці ў лес, але не зайсці адтуль на трасу.
Сяргей Кабак удакладніў, што ў распрацоўцы і ўкараненні гэтых рашэнняў удзельнічаюць не толькі спецыялісты «БелдарНДІ», але і РУП «Белдарсувязь» (у частцы ўстаноўкі датчыкаў), а таксама ўладальнікі дарог, якія манціруюць канструкцыі. Работа ў гэтым кірунку вядзецца пастаянна з мэтай павышэння эфектыўнасці мер бяспекі.