Што адрэстаўруюць у цэнтры Мінска
У сталіцы рэалізуюць адразу некалькі цікавых праектаў, якія зменяць аблічча гістарычнага цэнтра. Былы турэмны корпус на вуліцы Рэвалюцыйнай атрымае новае жыццё, у Лошыцкім парку адродзяць млын і капліцу, а архівы пераедуць у сучасны будынак плошчай звыш 20 тысяч квадратаў. Што яшчэ плануецца — расказаў дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Яцко.
Па словах Аляксандра Яцко, у цэнтры сталіцы неўзабаве з’явіцца новая прывабная лакацыя.
— На вуліцы Рэвалюцыйнай, 24А завершыцца рэканструкцыя будынка, які раней не выкарыстоўваўся. Ён стане лагічным працягам гандлёвых цэнтраў «Няміга 3» і «Няміга 5». Там размесцяцца гандлёвыя і офісныя памяшканні, — расказаў ён.
Асобна дырэктар КУП спыніўся на будучыні так званага Пішчалаўскага замка — былога турэмнага будынка.
— Аб’ект прыстасуюць пад новыя функцыі. Там будуць гандаль, пункты грамадскага харчавання, месца для правядзення культурных мерапрыемстваў, а таксама музей развіцця, які раскажа пра гісторыю гэтага комплексу, — адзначыў Аляксандр Анатольевіч.

Яшчэ адзін буйны праект, які завершыцца сёлета, — узвядзенне спецыялізаванага будынка для архіваў плошчай больш за 20 тысяч кв. метраў. Там будуць абсталяваныя памяшканні для надзейнага захоўвання архіўнага фонду горада і краіны. Туды пераедзе архіў Мінска і рэспубліканскія ведамасныя архівы.
Што датычыцца Лошыцкага парку, то, паводле слоў кіраўніка «Мінскай спадчыны», планамерная работа па адраджэнні сядзібнай забудовы XVII стагоддзя знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
— У гэтым годзе пачнуць аднаўляць млын — пад рэстаран і капліцу — пад інфармацыйныя цэнтры, адкуль будуць пачынацца экскурсіі па парку, — паведаміў ён.
І на заканчэнне Яцко расказаў пра яшчэ адну цікавостку, якая чакае гасцей і жыхароў сталіцы ў раёне «Палаца спорту».
— Там з’явяцца 16 стацыянарных гандлёвых аб’ектаў, уключаючы грамадскае харчаванне, рамесныя майстэрні, інфармацыйны і забаўляльны цэнтры. Гэта створыць паўнавартасную канкурэнцыю прыватным гастрадварам. Абавязкова наведайце згаданую лакацыю, — рэкамендаваў спецыяліст.
Надзея ЗУЕВА