Пісьменнасць і культура былі і застаюцца надзейным мастом паміж народамі — гэта ў чарговы раз засведчылі ўдзельнікі ўрачыстага вечара прысвечанага Дню славянскай пісьменнасці і культуры, які адбыўся ў Мінскім Доме дружбы.
Удзел у ім прынялі дыпламаты, навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры. Шмат хто з іх плённа працуе ў Таварыствах сяброўства Беларусі з Балгарыяй, Польшай, Расіяй, Сербіяй, Славакіяй, Украінай. Кожны з прысутных меў чым падзяліцца ў размове пра славянскую пісьменнасць і культуру, чыё свята з даўніх часоў штогод адзначаюць жыхары Балгарыі і гэта традыцыя перанята ў многіх іншых краінах. У кожнай прамове і канцэртным выступленні была яскрава бачная сувязь сучаснасці з далёкімі часамі заснавальнікаў славянскай пісьменнасці святых Кірылы і Мяфодзія.
Павераны ў справах Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь Любамір Тодараў зазначыў, што балгарскі народ заўжды ганарыўся сваёй роллю ва ўмацаванні славянскай пісьменнасці і культуры і разам з беларускім народам шануе імёны святых Кірылы і Мяфодзія. Славянская культура з’яўляецца сёння неад’емнай часткай беларускай і балгарскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Агульнаславянскае светаўспрыманне балгараў і беларусаў, іх хрысціянская вера стварылі умовы для развіцця духоўнай блізкасці народаў. Балгарыя ўдзяляе вялікую ўвагу пашырэнню двухбаковых адносінаў у галіне адукацыі, навукі, культуры, спорта.
Да вечара ў Доме дружбы падрыхтавалі выстаўку фотаздымкаў з Балгарыі, дзе ў старажытных праваслаўных манастырах у далёкія часы клапатліва ўзрошчвалі першыя парасткі славянскай пісьменнасці.
Прафесійныя выканаўцы, самадзейныя спевакі і музыканты падрыхтавалі да святочнага вечара падарункі — беларускія, польскія, сербскія, славацкія, украінскія, народныя песні і танцы. Прагучалі вершы вядомых паэтаў на рускай і славацкай мовах.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара