Top.Mail.Ru

Пісьменнікі краіны падарылі Касцюковічам кнігі

У пярэдадзень XXXIII Дня беларускага пісьменства Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў акцыю «Пісьменнікі краіны — Касцюковічам», падарыўшы каля 1000 кніг у фонды Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя І. Г. Чыгрынава. Гэты праект рэалізаваны пад арганізацыйным патранатам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Раней падобныя акцыі прайшлі ў іншых сталіцах Дня беларускага пісьменства — у Гарадку, Івацэвічах, Лідзе. Фундатарам акцыі пастаянна выступае Беларуская ўніверсальная таварная біржа. 


Дар ад літаратараў усёй Беларусі прымалі старшыня Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Асмалоўская і дырэктар бібліятэкі імя І. Г. Чыгрынава Святлана Фядосенка. Удзел у святочнай імпрэзе прынялі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, дырэктар Магілёўскай апбласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ілона Сарокіна, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. 

У сваіх выступленнях ганаровыя госці кніжнага свята нагадалі пра багатыя літаратурныя традыцыі краю, пра тое, што творчая спадчына народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, паэта Алеся Пісьмянкова, у гонар якога на Касцюкоўшчыне праводзіцца абласны фестываль «Пісьмянкоў луг», іншых майстроў прыгожага пісьменства з’яўляецца асновай літаратурнага, мастацкага выхавання чытачоў і краю, і ўсёй Магілёўшчыны. А папяровая кніга па-ранейшаму знаходзіцца ў полі зроку людзей, якія імкнуцца авалодваць новымі ведамі, ідуць наперад у сваім творчым і інавацыйным развіцці. 

Сярод кніг, якія пісьменнікі падарылі жыхарам Касцюкоўшчыны, — і творы пісьменнікаў-землякоў. У прыватнасці, дакументальны аповед лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Мікалая Барысенкі «Буйніцкае поле: без права на адступленне». Пра ваенныя падзеі на Магілёўшчыне — грунтоўная мастацка-дакументальная энцыклапедыя «Разам! Вялікая Перамога!». Асобная падборка кніг — выданні твораў магіляўчанкі Жанны Міус, адрасаваныя юнаму чытачу. 

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю