Дзякуючы маладым — літаратарам і чытачам
Так лічыць міністр інфармацыі Дзмітрый Жук, які наведаў сваю альма-матар — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падчас прэзентацыі нумара часопіса «Маладосць», што прадстаўляе творчасць сучасных філфакаўцаў.

Гэта адно з адметных мерапрыемстваў, арыентаваных на студэнцкую моладзь, на тых, хто пасля прыйдзе ў школы і будзе вучыць дзяцей літаратуры і мове. Таму адна з мэт — пазнаёміць будучых настаўнікаў з маладымі аўтарамі, якія будуць вызначаць твор айчыннай літаратуры. 8 з 19 беларускіх народных пісьменнікаў Беларусі скончылі філалагічны факультэт БДУ, адзначыў яго дэкан Сяргей Важнік.

А колькі яшчэ не народных стала на крыло і набыло вядомасць у краіне дзякуючы сваёй творчасці! Філалагічны факультэт здаўна выконвае функцыю літаратурнага інстытута, які рыхтуе пісьменніцкія кадры для нашай краіны. Так павялося, што на філфаку студэнты спрабуюць сябе ў прозе і паэзіі, таму вырашылі прысвяціць нумар «Маладосці» іх творчасці. Але ў нумары яшчэ інтэрв’ю з Ільёй Шынкарэнкам, які стаў папулярным дзякуючы таму, што вядзе свой блог на беларускай мове і тым самым папулярызуе яе.

— Нам сёння трэба гэта рабіць, — адзначыў Дзмітрый Жук. — У тым ліку дзеля таго, каб прыцягваць моладзь да беларускай мовы. У нас дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская, трэба ведаць абедзве. У гэтым вялікая роля настаўніка. Таму наша сустрэча — жывая гутарка зацікаўленых людзей пра літаратуру, мову, пра тое, наколькі гэта цікава нашай моладзі, асабліва студэнцкай. Сёння ў нас ёсць літаратурныя часопісы, ёсць цэнтральная газета, якая выходзіць па-беларуску. Ёсць канал на беларускай мове ў «Белтэлерадыёкампаніі». І ёсць цікавасць моладзі да нашай роднай беларускай мовы.
Калі так, то, значыць, ёсць умовы для літаратурных выданняў, у тым ліку беларускамоўных, каб пашыраць сваю аўдыторыю. І вось тут пачынаюцца «але». У гісторыі літаратурных часопісаў былі розныя этапы, цяперашні праходзіць ва ўмовах лічбавай эпохі, якая нясе свае складанасці для друкаваных выданняў. Моладзь, на жаль, не асабліва хоча чытаць на паперы.
І што з гэтым будзеш рабіць?.. Прасунутасць патэнцыйных чытачоў адбіваецца на тыражах, і ў першую чаргу губляюць падпісчыкаў літаратурныя выданні.

— Моладзь жадае карыстацца зручнымі, прывычнымі для іх тэлефонамі, смартфонамі, — гэта нармальна. Трэба, каб мова зайшла туды, і для гэтага ў дзяржаве шмат робіцца, у тым ліку выдаецца той жа часопіс «Маладосць», — лічыць міністр інфармацыі Беларусі, які сам скончыў філалагічны факультэт БДУ і год адпрацаваў настаўнікам беларускай мовы. — Аўтары, якія там друкуюцца, начытваюць свае творы, у выглядзе падкастаў у інтэрактыўным праекце «Чытанка». Дарэчы, робіць яго Беларускае радыё пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Калі ласка — вось вам творы, каб не толькі пачытаць, але і паслухаць, прычым начытаныя самімі аўтарамі. Гэта ўжо цікава. Але, калі мы гаворым пра друкаваныя часопісы, напэўна, трэба перагледзець іх фармат, зрабіць не штомесячнымі, а раз у квартал, больш ёмістымі. А яшчэ на аснове гэтых часопісаў можна выдаваць бібліятэчку ў выглядзе кнігі і забяспечыць такімі выданнямі нашы бібліятэкі — як навучальных устаноў, так і грамадскія. Гэтыя захады мы разгледзім і прымем рашэнне, каб падтрымліваць літаратурны працэс у Беларусі.
Ужо цяпер літаратурныя часопісы вярнуліся ў «Выдавецкі дом «Звязда», з новага года зменіцца перыядычнасць іх выхаду. А газета «Літаратура і мастацтва» стане штотыднёвым дадаткам да газеты «Звязда» — міністр лічыць, што гэта мера, якая дапаможа захаваць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры, таму што тыраж штодзённай газеты цяпер значна большы за тыраж «ЛіМа», то-бок аўдыторны ахоп не зменшыцца, а павялічыцца.

Пры ўсіх тлумачэннях студэнты-філолагі не хавалі клопату: каб не змяншалася літаратурная прастора. «Я стаўлюся да гэтага рацыянальна. Як правіла, я трымаю ў руках кожны нумар часопісаў, якія выходзяць штомесяц. І я б хацеў, каб там была большая селекцыя, — прызнаўся Дзмітрый Жук, які з задавальненнем згадаў, як у студэнцтве захапляўся словам Міхася Стральцова альбо Янкі Брыля. — Каб у свае студэнцкія гады я не чытаў літаратурныя часопісы, то не здаў бы ніводзін залік па беларускай літаратуры».

Вядома, у наш час і для маладой аўдыторыі важна, каб было добрае прадстаўніцтва літаратурных выданняў у інтэрнэт-прасторы, таму ёсць сэнс стварыць для іх больш шырокія версіі. А паралельна выпускаць у друкаваным выглядзе раз у квартал, але тыражом у тысячу-паўтары, каб забяспечыць грамадскія бібліятэкі. Так аўтары «Полымя», «Нёмана» і «Маладосці» змогуць не страціць сваіх чытачоў і набыць новых. Гэта ўплывае і на існаванне беларускай мовы: цяпер яна ў большай ступені элітная. Але трэба зрабіць яе моднай. Справа — за будучымі настаўнікамі беларускай мовы, для якіх яе выкладанне — гэта прафесія, і яны ведаюць мову лепш за іншых. Бо гэта тая асаблівасць нас, беларусаў, якая не дае забыцца, дзе наша сапраўднае месца ў гэтым вялікім свеце.

І маладыя літаратары здольныя зрабіць так, каб беларуская мова стала моднай. «Маладосць» у новым статусе пачынае з творчасці філфакаўцаў. Былы галоўны рэдактар Вольга Рацэвіч, якая рыхтавала адметны нумар, прадставіла аўтараў, якія дапамаглі яго рабіць: Альжбету Малішэўскую-Спрынчан, Паліну Дваранскую, Яўгенію Пракапчук, Паліну Лабкоўскую... Запомнім гэтыя імёны, каб далей сачыць за іх творчасцю.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы Голад