Аб магчымым пагаршэнні дарожнай абстаноўкі з-за непагадзі папярэдзілі вадзіцеляў ва УУС Брэсцкага аблвыканкама, паведамляе БелТА.
«У сувязі з выпадзеннем вялікіх ападкаў у выглядзе снегу на тэрыторыі Баранавіцкага раёна ўведзены план „Надвор’е“. На асобных участках Брэсцкай вобласці таксама магчыма выпадзенне ападкаў, наліпанне снегу і галалёдзіца, што можа прама паўплываць на дарожную абстаноўку», — падкрэслілі праваахоўнікі. Акрамя таго, пры пагрозе бяспекі руху могуць уводзіцца абмежаванні.
Пры вялікім выпадзенні ападкаў Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе па магчымасці адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце і скарыстацца паслугамі грамадскага. Пры наліпанні снегу на праезнай частцы пагаршаецца кіравальнасць транспартным сродкам і павялічваецца тармазны шлях, вырастае верагоднасць заносу.
«У непагадзь знізьце хуткасць руху, павялічце дыстанцыю і бакавы інтэрвал, выключыце небяспечныя абгоны», — рэкамендавалі вартавыя дарог.