План прыёму абітурыентаў-мэтавікоў у ВНУ будзе зацверджаны да 1 мая. Аб гэтым журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў, паведамляе БелТА.
Прадстаўнік Мінадукацыі адзначыў, што для тых, хто плануе паступаць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, змяненняў у парадку заключэння дагавораў і падачы дакументаў у гэтым годзе няма, а ўнесеныя кропкавыя карэкціроўкі ў заканадаўства ў асноўным датычацца арганізацый — заказчыкаў кадраў.
«Цяпер ажыццяўляецца аналіз заявак, якія паступілі, і фарміруецца план прыёму ў ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, які будзе зацверджаны да 1 мая (у каледжах — да 1 чэрвеня). Калі гаварыць пра мінулы год, то каля 5,9 тыс. чалавек было залічана на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі», — расказаў Сяргей Пішчоў.
Цяпер зацверджаны пералік спецыяльнасцей мэтавай падрыхтоўкі ў ВНУ, у якую ўключаны запатрабаваныя кірункі для эканомікі краіны: педагогіка, медыцына, інжынерыя, сельская гаспадарка. «З гэтага года для забеспячэння роўных і справядлівых умоў ацэнкі вынікаў унутраных уступных іспытаў прадугледжана абмежаванне доступу экзаменацыйных камісій да персанальных даных абітурыентаў, якія здаюць гэтыя іспыты. Акрамя таго, інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў ад абітурыентаў-мэтавікоў будзе прадастаўляцца на сайтах ВНУ па кожным заказчыку кадраў, што дасць магчымасць абітурыентам аператыўна атрымліваць інфармацыю аб конкурснай сітуацыі», — праінфармаваў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Пасля зацвярджэння мэтавых месцаў — пасля 1 мая — арганізацыі-заказчыкі пачнуць заключаць мэтавыя дагаворы з абітурыентамі. Для зручнасці абітурыенты змогуць скарыстацца інтэрактыўнай картай для выбару работадаўцаў і ВНУ, там будзе сабрана ўся інфармацыя, якая аблягчае пошук свайго заказчыка. «У гэтым годзе, як і ў мінулым, заказчык кадраў абавязаны заключыць дагавор з усімі ахвотнымі ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. І рабіць гэта ён павінен нават у апошні дзень падачы дакументаў ва ўстанову адукацыі. Важна, што пры заключэнні дагавора заказчык абавязаны пісьмова інфармаваць абітурыентаў аб умовах мэтавага прыёму», — падкрэсліў Сяргей Пішчоў.
Прыём абітурыентаў на мэтавую падрыхтоўку будзе ажыццяўляцца праз конкурс: арганізацыя — заказчык кадраў павінна забяспечыць конкурс больш за аднаго чалавека на месца. Гэта дазволіць прыцягнуць найбольш падрыхтаваных і матываваных кандыдатаў. Для прэтэндэнтаў захаваны парог сярэдняга бала атэстата — не ніжэй за 7 (за выключэннем спецыяльнасцей, найбольш запатрабаваных эканомікай). У экзаменацыйныя камісіі сёлета ўвойдуць выкладчыкі ВНУ і школьныя настаўнікі. Пры здачы ўнутранага ўступнага іспыту па першым профільным прадмеце будзе забяспечана відэа-, аўдыёфіксацыя адказу.