Плануецца, што трэці энергаблок Беларускай АЭС будзе падобны па праекце з першымі двума. Пра гэта журналістам расказаў генеральны дырэктар станцыі Сяргей Бабовіч падчас наведвання станцыі Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, перадае БелТА.
«10 чэрвеня мы адзначылі пяцігоддзе ўвядзення ў эксплуатацыю першага блока. За час сваёй работы абодва энергаблокі выпрацавалі больш за 63 млрд кВт·г (2-і блок БелАЭС быў уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе 2023 года). Па выпрацоўцы мы ідзём на ўзроўні мінулага года — так і павінна быць, стабільна два блокі знаходзяцца ў эксплуатацыі», — адзначыў Сяргей Бабовіч.
Зараз на станцыі працуюць прыкладна 2750 чалавек. «Асноўныя цэхі — рэактарны, турбінны, цэх цэнтралізаванага рамонту. На іх працуюць у асноўным прадстаўнікі Беларусі, мы ўкамплектаваны персаналам. Самае важнае, што мы рухаемся наперад. Наш вучэбна-трэніровачны цэнтр пастаянна працуе з персаналам, каб павышаць узровень іх кваліфікацыі», — падкрэсліў гендырэктар.
Сяргей Бабовіч дадаў, што перспектывай развіцця АЭС з’яўляецца пабудова трэцяга блока. «Мы працуем у гэтым кірунку. На гэты момант ідуць перагаворы з расійскім бокам. Плануем, што гэты блок будзе падобны па праекце з першым і другім. Важным напрамкам работы стане падрыхтоўка персаналу для трэцяга блока», — рэзюмаваў ён.