Са студзеня прыбаўку да зарплаты атрымаюць урачы-спецыялісты. Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў, надбаўкі, што павышаюць заработную плату, уводзяцца рэгулярна і гэта з’яўляецца адной са стымуляцыйных мер падтрымкі медыцынскіх работнікаў.
— Гэты год не стаў выключэннем. Уступіла ў дзеянне пастанова Міністэрства аховы здароўя аб павышэнні заработнай платы за кошт надбавак урачоў-спецыялістаў.
Але гэта не ўсе меры, якія накіраваны на падтрымку медыцынскіх работнікаў.
— У далейшым плануецца павышэнне заработнай платы з улікам павышэння надбавак і сястрынскаму персаналу. Гэта стратэгія будзе працягвацца сёлета, — падкрэсліў Аляксандр Старавойтаў. — Улічваючы, што надбаўкі стымуляцыйныя, яны накіраваны не на тое, каб проста павысіць зарплату, а на тое, каб менавіта стымуляваць тых медыцынскіх работнікаў, якія маюць самую высокую нагрузку ва ўстановах аховы здароўя. Гэта ў першую чаргу датычыцца ўрачоў рэаніматолагаў-анэстэзіёлагаў, урачоў хуткай медыцынскай дапамогі, урачоў агульнай практыкі і інш. У кожнага свае надбаўкі і свае сумы.
Нагадаем, што з 1 студзеня прадугледжана павелічэнне надбаўкі за работу ў сферы аховы здароўя ўрачам-спецыялістам на 45 % акладу. Так, надбаўка ўстаноўлена ўрачам-спецыялістам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі — 300 % акладу, урачам-спецыялістам прыёмнага аддзялення — 235 % акладу, урачам-спецыялістам аддзяленняў (палат) для пацыентаў з парушэннем мазгавога кровазвароту (інсультам), з паражэннем спіннога мозгу, якія суправаджаюцца паралічам канечнасцяў і парушэннем функцый тазавых органаў, — 235 % акладу, урачам-спецыялістам выязных брыгад — 235 % акладу, урачам агульнай практыкі, урачам-педыятрам участковым, урачам-тэрапеўтам участковым — 235 % акладу, урачам-спецыялістам, за выключэннем вышэйпералічаных, — 185 % акладу.