Top.Mail.Ru

Платныя паркоўкі, «разумны» аўтамабіль для кантролю і новыя аб’екты ў Карзюках

Што чакае аўтамабілістаў у сталіцы


У Мінску працягваецца развіццё сістэмы платных парковак, з’яўляюцца новыя месцы для захоўвання транспарту, а неўзабаве кантраляваць аплату будзе адмысловы аўтамабіль з аўтаматычнай сістэмай фіксацыі нумарных знакаў. Акрамя таго, у мікрараёне Карзюкі першыя паверхі шматпавярховых аўтастаянак плануюць пераабсталяваць пад аб’екты інфраструктуры — тое, чаго так не хапае мясцовым жыхарам. Падрабязнасці расказаў генеральны дырэктар ДА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыранаў.

Дзесяць тысяч месцаў і новыя правілы

Сістэма платных парковак у Мінску працягвае расці. Сёлета плануецца, што колькасць аўтамашын на месцах дасягне 10 тысяч. Аднак развіваецца не толькі сам сэрвіс — мяняецца заканадаўства, спосабы і формы кантролю за аплатай.

«Усім прапаную плаціць, уважліва глядзець на дарожныя знакі, разметку, інфармацыйныя шчыты і выконваць усе неабходныя патрабаванні пры паркоўцы транспартных сродкаў», — падкрэсліў Андрэй Зыранаў.

«Разумны» аўтамабіль ужо блізка

Неўзабаве кантраляваць сістэму дапаможа спецыяльны аўтамабіль. Гэта звычайная машына з незвычайнай «начынкай»: на яе ўсталююць сістэму аўтаматычнага кантролю, якая па фіксацыі нумарнога знака будзе вызначаць факт аплаты. Калі аплаты няма — праз 15 хвілін пасля паўторнага аб’езду будзе фарміравацца прэтэнзія.

«Мы будзем старацца працаваць камбінавана: аўтамабілем і пешым аператарам. Спачатку праехала машына, паўторна прайшоў аператар і размясціў апавяшчэнне аб тым, што зафіксавана неаплата парковачнага месца. Пасля гэтага да кошту самой паркоўкі дадаецца базавая велічыня», — растлумачыў Андрэй Зыранаў.

Аўтамабіль ужо існуе, зараз заканчваюцца работы па сертыфікацыі абсталявання. Як толькі яны будуць завершаны, машыну набываюць. Прычым, калі парковак стане больш (а па норме адзін кантралюючы аўтамабіль патрабуецца на 4 тысячы месцаў), у сталіцы з’явіцца яшчэ адзін такі транспарт.

Карзюкі: ад паркінгу да шматфункцыянальнай прасторы

Асобная ўвага — шматузрўневым аўтастаянкам у Карзюках (мікрараён для шматдзетных сем’яў). Іх пабудавалі дзве. Аднак, як паказаў вопыт эксплуатацыі, вялікім попытам для захоўвання транспарту яны не карыстаюцца. Затое мясцовыя жыхары падчас сумеснай працы выказалі пажаданні, што мікрараёну вельмі не хапае аб’ектаў інфраструктуры — так званай «крокавай даступнасці».

Таму было прынята рашэнне першыя паверхі гэтых паркінгаў перапрафіляваць. Зараз заканчваецца папярэдняе праектаванне, пасля гэтага пачнуцца праектныя работы і рэканструкцыя.

Такім чынам, у перспектыве замест пустуючых гаражоў на першых паверхах з’явяцца шматфункцыянальныя аб’екты — тое, што таксама патрэбна людзям.

Адзіная інфармацыйная сістэма

Акрамя таго, вядуцца работы па стварэнні сур’ёзнага інфармацыйнага прадукта, які дазволіць зручней і больш зразумела працаваць з паркоўкамі, стаянкамі, транспартнымі сродкамі, якія доўга захоўваюцца, і нават з парушальнікамі.

«Гэта будзе такая агульная сістэма, якая фарміруе працу ў рамках стаянкі, паркоўкі і транспартных сродкаў», — рэзюмаваў Андрэй Зыранаў.

Так што мінскіх аўтамабілістаў чакае не проста павелічэнне колькасці месцаў, а комплекснае і тэхналагічнае абнаўленне ўсёй сістэмы паркоўкі ў сталіцы.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю