Урад Беларусі, грунтуючыся на прапанове Камітэта дзяржкантролю, выступіў з ініцыятывай павысіць плату за сучаснае арэнднае жыллё. Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Аляксандр Церахаў па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі аб перспектывах жыллёвага будаўніцтва і павышэнні эфектыўнасці выкарыстання арэнднага жылля, перадае БелТА.
«Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што арэнднае жыллё павінна быць добрых спажывецкіх якасцей, быць запатрабавана і будавацца там, дзе яно патрэбна людзям, маладым спецыялістам. Каб замацаваць кадры, маладых спецыялістаў у рамках тых інвестпраектаў, якія рэалізуюцца ў краіне», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Таксама была звернута ўвага, што з гэтага года прынята рашэнне аб аснашчэнні арэнднага жылля мінімальна неабходным наборам тэхнікі — халадзільнікам, пральнай машынай, мікрахвалевай печчу. Будзе і мінімальны набор мэблі. Напрыклад, убудаваная шафа, каб чалавек, засяліўшыся, мог недзе раскласці свае рэчы.
Паводле слоў Аляксандра Церахава, такое павышэнне якасці і добраўпарадкаванасці жылля не можа не паўплываць і на ўзровень аплаты, што таксама было адной з тэм нарады ў кіраўніка дзяржавы. Аднак нейкай карэннай ломкі ў гэтай сферы не прадбачыцца. Існуючыя механізмы ў частцы прадастаўлення арэнднага жылля і формула разліку аплаты за яго толькі патрабуюць тонкай данастройкі.
«Формула простая — прывязка да базавай велічыні. І сёння формула лічыцца такім чынам, што 0,2 базавай велічыні — 9 рублёў за квадратны метр — памнажаецца на плошчу кватэры», — сказаў ён. Такім чынам, кошт месячнай арэнды добрай двушкі плошчай 60 кв.м. складзе 540 рублёў. Аднак фактычна па такіх расцэнках, расказаў віцэ-прэм’ер, плацяць максімум 30% ад усіх наймальнікаў. Далей да названай вышэй сумы могуць быць прыменены дадатковыя каэфіцыенты.
Так, да аналагічнай кватэры, размешчанай у сельскай мясцовасці, прымяняецца каэфіцыент 0,1. Гэта значыць замест 540 рублёў давядзецца плаціць толькі 54 рублі ў месяц. Нават у горадзе Мінску каэфіцыент у залежнасці ад месца размяшчэння вар’іруецца ад 0,5 да 1,5. Гэта значыць месячная плата для сталіцы складзе ад 270 да 810 рублёў.
Прапанова ўрада ў гэтым выпадку заключалася ў тым, каб базавая плата за новае пабудаванае арэнднае жыллё, аснашчанае тэхнікай і мінімальным наборам мэблі, разлічвалася не ад 0,2 базавай велічыні, а ад 0,3. Гэта значыць першапачатковы базавы кошт аналагічнай кватэры 60 кв.м да прымянення паніжаючага або павышаючага каэфіцыента за месца размяшчэння складзе 810 рублёў.
Аляксандр Церахаў нагадаў, што ў краіне для наймальнікаў арэнднага жылля дзейнічае яшчэ адна сістэма паніжаючых каэфіцыентаў у залежнасці ад катэгорыі спецыялістаў, якія прыцягваюцца на работу. «Усе маладыя спецыялісты, дзяржслужачыя, маладыя рабочыя запатрабаваных катэгорый, якія вызначаны выканкамамі, плацяць з каэфіцыентам 0,1. Гэта яшчэ дадаткова паніжаючы каэфіцыент», — сказаў ён.
На практыцы гэта азначае тое, што арэнда кватэры з базавым коштам 540 рублёў за 60 «квадратаў» для такога спецыяліста з пераліку запатрабаваных спецыяльнасцей у сельскай мясцовасці па цяперашніх расцэнках будзе каштаваць усяго 5,4 рубля ў месяц.