Адлегласць ад Віцебска да Пскова складае па трасе 344 км. Дабрацца з аднаго горада ў другі можна крыху меней як за пяць гадзін. Пскоўская і Віцебская вобласці маюць агульную мяжу і вельмі актыўна супрацоўнічаюць у фармаце расійска-беларускага ўзаемадзяння. Існуе пагадненне аб супрацоўніцтве і паміж абласнымі бібліятэкамі — Віцебскай імя У. І. Леніна і Пскоўскай імя В. Я. Курбатава.
Толькі сёлета, у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, рэалізавана каля дзесяці рознага характару мерапрыемстваў. Расказвае загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова: «Сярод супольных праектаў Віцебска і Пскова — сеткавая акцыя «Гартаючы старонкі вайны», інтэрнэт-дзённік «Сямейныя гісторыі пра вайну», анлайн-марафон «80 радкоў пра вайну», мемарыяльная гутарка-рэквіем. Прысвечаная спаленым вёскам Віцебшчыны і Пскоўшчыны, сустрэча-дыялог «Бібліятэка на сутыкненні сусветаў. Роля кнігі і чытання ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні мясцовых супольнасцяў». Гэтыя і іншыя імпрэзы, творчыя акцыі прадэманстравалі, што ў нас нямала пунктаў судакранання. Вельмі важна і тое, што мы для сваіх чытачоў пашырылі асветніцкія, культурныя межы, даўшы магчымасць такога вось бібліятэчнага падарожжа ў суседні расійскі рэгіён».
Цеснае супрацоўніцтва паміж бібліятэкарамі Віцебска і Полацка спрыяе і нараджэнню новых гісторыка-краязнаўчых ініцыятыў. Полацкія даследчыкі звярнулі ўвагу і на шматгадовы праект Віцебскай абласной бібліятэкі — навукова-практычную канферэнцыю «Віцебскі край», у якой, несумненна, у будучыні прымуць удзел і вучоныя, краязнаўцы з Пскова і Пскоўшчыны.
Мікола Берлеж