Top.Mail.Ru

Каля 10 тысяч адзінак тэхнікі задзейнічаюць у веснавых палявых работах на Гомельшчыне

Поўная мабілізацыя рэсурсаў


Гатоўнасць сельгасмашын да пасяўной кампаніі абмеркавалі на пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама. 

Як было адзначана, на сёння гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках рэгіёна складае 96%. У большасці раёнаў трактары, глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, машыны для ўнясення ўгнаенняў прыступілі да работы. Тэхніка атрымала допуск для ўдзелу ў дарожным руху. Аднак пакуль у асобных гаспадарках, на жаль, тэхагляд не пройдзены. 

Кіраўніком рэгіёна перад аграрыямі пастаўлена канкрэтная задача — выправіць усе недапрацоўкі з тэхнікай у найбліжэйшыя дні. 

— Мы ўступілі ў ключавы этап сельскагаспадарчага года. Менавіта цяпер закладваецца аснова будучага ўраджаю і кармавой базы. Часу на разварушванне няма. Дзейнічаць трэба хутчэй і больш арганізавана, — асабліва падкрэсліў Іван Крупко. — Тэхніка павінна працаваць без прастояў, а рашэнні прымацца хутка. Пры гэтым нарошчванне тэмпаў не павінна ісці на шкоду якасці, — звярнуў увагу кіраўнік рэгіёна. 

Гаспадаркі Гомельшчыны нарошчваюць тэмпы веснавых палявых работ: вядзецца падкормка, падрыхтоўка глебы, сяўба ранніх збожжавых. Разам з тым ёсць і тыя сельгасарганізацыі, што яшчэ не дастаткова актыўна ўключыліся ў палявыя работы. 

Асноўнае патрабаванне кіраўніка рэгіёна — строга захоўваць агратэхналогіі і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны пасяўны ўчастак. Перад аграрыямі Гомельшчыны стаіць задача — завяршыць сяўбу ранніх яравых збожжавых і падкормку азімых культур да 10 красавіка, другую падкормку азімага рапсу — да 4 красавіка. Аграрыям неабходна забяспечыць штодзённае ўнясенне арганічных угнаенняў у аб’ёме 124 тысячы тон. 

— Патрабаванне Прэзідэнта адназначнае — максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны спрыяльны дзень. Гэта азначае поўную мабілізацыю рэсурсаў, выразную арганізацыю працы і персанальную адказнасць за вынік на кожным участку. Пры неабходнасці прашу аператыўна прыцягваць дадатковыя працоўныя рэсурсы, у тым ліку з прамысловага сектара. Тэхніка павінна працаваць без прастояў, рашэнні прымацца хутка. Пры гэтым нарошчванне тэмпаў не павінна ісці на шкоду якасці, — паставіў першачарговыя задачы перад аграрыямі рэгіёна Іван Крупко.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота Аляксандра Кіцуры

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю