У Мінску над ракою Свіслач можна налічыць каля 20 мастоў і пуцеправодаў. Усе яны пабудаваныя ў пасляваенныя часы, бо мастоў у сталіцы пасля вогненнага ліхалецця не засталося. Самы «сталы» сярод усіх быў узведзены з жалезабетону ў 1952 годзе на праспекце Незалежнасці побач з паркамі імя Горкага і імя Я. Купалы. Яго далёкі драўляны папярэднік злучыў тут мінскія берагі яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя.

Мост на праспекце Незалежнасці сёння з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у гэтыя дні яго "апранаюць" у адноўленае адзенне, умацоўваюць маналітную канструкцыю. Рэканструкцыя ідзе поўным ходам, але яна не спыняе рух гарадскога і спецыяльнага транспарту над ракою, бо ўсе работы арганізаваныя па чарзе і на розных палосах. Рух іншага транспарту тут абмежаваны і праходзіць па новых напрамках. Нават у цёмны час работа мостабудаўнікоў працягваецца пад святлом спецыяльных пражэктараў.

Адначасова мяняе свой выгляд прылягаючы да моста ўчастак праспекта. На гэтым месцы класічныя дэкаратыўныя элементы вулічнай агароджы здаўна аддзяляюць тэрыторыю парка. Панэлі балюстрады з вялікімі вазамі, бардзюры, прыступкі таксама патрабуюць увагі рэстаўратараў і будаўнікоў. Побач з новай рознакаляровай тратуарнай пліткай працягнуліся дываны стракатых кветак.

Фотаздымкі гэтага рэпартажа зробленыя з акна гарадскога аўтобуса і з розных бакоў аб’екта рэканструкцыі, з аддаленых і бяспечных месцаў па-за агароджаю вытворчай тэрыторыі. Не перашкаджаючы працы мостабудаўнікоў, рэстаўратараў, азеляніцеляў, фотаапарат зазняў яе такой, якой штодзень бачаць мінчане і госці сталіцы. Яны ж за прыгожымі зменамі назіраюць з цікавасцю, нават самі ахвотна фатаграфуюцца на фоне адноўленага!
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара