Гісторыя канцлагера «Шталаг-352», што быў у часы вайны ў сённяшняй сталічнай Масюкоўшчыне, — таму доказ. За тры гады там загінула больш за 80 тысяч палонных. Імёны многіх з гэтых герояў назаўжды засталіся невядомымі.
Канцлагер для ваеннапалонных
Гісторыя канцлагера «Шталаг-352» пачалася ў ліпені 1941 года з дулага-126 (дулаг — часовы, транзітны лагер. — Заўв. аўт.), арганізаванага на тэрыторыі Пушкінскіх казарм па Лагойскім тракце. Сёння на гэтым месцы, на скрыжаванні вуліц Калініна і Якуба Коласа, можна ўбачыць помнік з выявай знясіленага чырвонаармейца, які павіс на плоце з калючага дроту. У жніўні 1941-га большую частку зняволеных дулага-126 перавезлі ў Масюкоўшчыну. «Лясны лагер» і стаў там асноўнай часткай «Шталага-352» (шталагі — стацыянарныя лагеры працяглага ўтрымання. — Заўв. аўт.). Іншая частка «Шталага-352» («Гарадскі лагер») размяшчалася ў Мінску. У «Шталага-352» было 23 філіялы: на авіязаводзе, хлебазаводзе, мясакамбінаце і іншых аб’ектах, дзе выкарыстоўвалася праца ваеннапалонных. «Шталаг-352» існаваў да чэрвеня 1944 года.
Пекла на зямлі
— У ліпені 1941-га па чыгунцы ў Масюкоўшчыну дастаўлялі эшалоны са змардаванымі, параненымі і галоднымі савецкімі ваеннапалоннымі. Тых, хто пасля выгрузкі ледзь рухаўся ці раптам замарудзіўся, немцы расстрэльвалі на месцы, — расказвае кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Марозаў. — У гэты ж час «Шталаг-352» наведвае адзін з галоўных дзеячаў нацыскай Германіі Генрых Гімлер. Пасля яго візіту пачынаецца масавы генацыд ваеннапалонных. Для іх ствараюцца невыносныя ўмовы — голад, холад, інфекцыйныя хваробы і знясільваючая праца. Прыкладна 80 % чырвонаармейцаў утрымлівалася пад адкрытым небам. Людзей заядалі вошы.
Рацыён палонных — 100–160 грамаў эрзац-хлеба і дзве кружкі баланды на дзень. Адзін з вязняў «Шталага-352» Барыс Папоў успамінаў, як у харчаблоку ставілі чыгунную ванну з баландай з гнілой бульбы, ачысткаў, пратухлых круп, за якой стаяла велізарная чарга мужчын з кружкамі, кансервавымі бляшанкамі і кацялкамі. Часам гэту «ежу» зачэрпвалі прама ў пілоткі ці ў далоні. Выжыўшыя палонныя расказвалі, што вады ў бараках не было. Узімку яны збіралі снег, чакалі, пакуль ён растане і пілі напалову з брудам. Каб наталіць жудасны голад, ваеннапалонныя елі траву, злоўленых жаб.
Знясіленыя людзі павінны былі яшчэ і працаваць. Пры норме 4 цагліны на чалавека кожны браў дзве ў рукі, дзве пад пахі і цягнуў іх у Масюкоўшчыну. Многія падалі на хаду і паміралі. Іх целы скідалі ў равы. Як успаміналі мясцовыя жыхары, над дарогай у Масюкоўшчыну ўвесь час кружыліся крумкачы — ім заўсёды было што дзяўбці.
Позняй восенню 1941-га ўспыхнула эпідэмія тыфу. Па некаторых звестках, у «Лясным лагеры» ў Масюкоўшчыне ў лістападзе—снежні 1941 года загінула
25 тысяч, а ў снежні 1941-га — сакавіку 1942-га — каля 30 тысяч палонных. Штодзённая смяротнасць дасягала 200–300 чалавек.
Атрымаць кулю можна было за касы погляд, кінуты на нямецкага афіцэра ці паліцая, не зняты галаўны ўбор, ды і проста з-за кепскага настрою наглядчыкаў. Тых, каго не расстрэльвалі адразу за «правіннасць», адпраўлялі ў карцэр — паўзямлянку вышынёй 130 сантыметраў з бетоннай падлогай, залітай вадой, «дахам» якой быў калючы дрот: чалавек не мог ні выпрастацца ў поўны рост, ні легчы, ён увесь час знаходзіўся на карачках. Часта адтуль даставалі мёртвых.
Над галоўнай брамай лагера размяшчаўся надпіс: Lіpptor, што азначае «Вароты Ліппа». Імя намесніка каменданта лагера Хайбірыха Ліппа назаўжды ўпісана ў трагічную гісторыю «Шталага-352» як увасабленне садызму і поўнага абесчалавечвання.
— Аднойчы ў лістападзе 1941-га ваеннапалонных па загадзе Ліппа выгналі з баракаў без адзення на мароз, паставілі на калені і пратрымалі некалькі гадзін, — расказвае Дзмітрый Марозаў. — Так іх «каралі» за паламаныя нары. З-за невыноснага холаду на іх забралася залішне шмат вязняў, і драўляныя дошкі не вытрымалі.
У іншы раз Ліпп западозрыў, што пры фільтрацыі (а ваеннапалонных падзялялі па нацыянальнай прыкмеце) некаторыя схавалі яўрэйскае паходжанне, тады ён распарадзіўся вывесці палонных на пляц і зняць штаны.
Хайбірых Ліпп абыходзіў строй і, выяўляючы ў кагосьці абразанне, біў кулаком у твар, гарлапаніў «юдэ» і страляў у галаву. Была ў гэтага садыста і яшчэ адна «забаўка» — падвешваць палонных за падбародкі прама на металічных круках, замацаваных на шыбеніцы, і глядзець на пакутніцкую смерць няшчасных ахвяр. Для большага псіхалагічнага ўздзеяння на астатніх вязняў гэта суправаджалася музыкай, якая даносілася з дынамікаў, развешаных на слупах і дрэвах. Ёсць сведчанні відавочцаў аб чырвонаармейцы, які выжыў пасля экзекуцыі на круку. Відавочна, ад болевага шоку мужчына адразу страціў прытомнасць і яго палічылі мёртвым. А калі здымалі з шыбеніцы, савецкія ўрачы з ліку палонных, якія працавалі ў лазарэце, прамацалі ў яго пульс і цудам выратавалі.
З красавіка 1942 года немцы разумелі: сітуацыя на франтах відавочна пачынае мяняцца. Захопнікам патрэбны былі працоўныя рукі, і стаўленне да вязняў змянілася крыху да лепшага. Але смерці, зразумела, не спыніліся.
«Тыя, хто не стаў на калені перад ворагам»
19 жніўня 1941 года быў выдадзены сталінскі загад № 270 «Аб адказнасці ваеннаслужачых за здачу ў палон і пакіданне ворагу зброі». Згодна з ім, здавацца ў палон забаранялася. Парушальнікаў дазвалялася расстрэльваць на месцы. Пры гэтым яны прызнаваліся дэзерцірамі, а іх сем’і падлягалі арышту і пазбаўляліся ўсіх дзяржаўных дапамог і падтрымкі. Зразумела, што інфармацыя пра гэта даходзіла да ваеннапалонных, і яны падалі духам.
Немцы таксама ўвесь час казалі: «Радзіма ад вас адмовілася, пераходзьце на наш бок — вас чакае сытае жыццё». І ўсё ж, нягледзячы на ўсе нечалавечыя пакуты, нямногія згаджаліся на прывабныя прапановы. Паміж смерцю і супрацоўніцтвам з ворагам большасць выбіралі смерць. На жаль, ваеннапалонныя, якія выжылі, як правіла, не атрымалі статусу ўдзельніка вайны.
Цяпер на скрыжаванні вуліц Нарачанскай і Ціміразеўскай стаіць мемарыял, на якім выбіты надпіс: «Сучаснікі і патомкі, схіліце галовы. Тут спяць вечным сном тыя, хто не стаў на калені перад ворагам... Тут у 1941–1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі расстраляна і замучана
80 тысяч ваеннапалонных Савецкай арміі і мірных грамадзян». У памяць аб подзвігу гарыць вечны агонь.
Побач узвялі храмавы комплекс: царкву Узвіжання Крыжа Гасподняга. Там створаны Музей подзвігу савецкіх ваеннапалонных.
— Унікальнасць Масюкоўшчыны ў тым, што, па сутнасці, гэта адзінае месца на тэрыторыі былога СССР, дзе пакуль яшчэ захаваліся будынкі — нямыя сведкі злачынстваў нацыстаў і стойкасці духу чырвонаармейцаў, якія адмовіліся стаць здраднікамі, — падкрэслівае Дзмітрый Марозаў. — Наш абавязак — зрабіць так, каб людзі ведалі пра тое, якія страшныя падзеі адбываліся тут падчас акупацыі, разумелі, якім коштам заваявалі перамогу.
Вольга Паклонская