Top.Mail.Ru

«Погляд скрозь стагоддзі». У Навагрудку створаць візуальную рэканструкцыю замка ў гістарычным абліччы

Як выглядаў сямівежавы Навагрудскі замак у яго гістарычным абліччы, у хуткім часе змогуць убачыць турысты на знакамітай гары — у райцэнтры ідзе работа над праектам «Погляд скрозь стагоддзі». Аб гэтым расказалі ў Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў, перадае БелТА.



Навагрудчына — унікальны па сваёй гісторыі і ландшафце рэгіён Беларусі. Месцам прыцягнення гасцей і гараджан застаецца Замкавая гара, дзе захаваліся рэшткі старажытнай пабудовы. Першыя каменныя і драўляныя ўмацаванні і галоўную вежу-данжон Шчытоўку тут узвялі яшчэ ў XIII стагоддзі і на працягу стагоддзяў прадаўжалі будаўніцтва. Узвядзенне магутных мураваных сцен і дадатковых брам-варот завяршылі ў XVI стагоддзі, ператварыўшы замак у адну з мацнейшых крэпасцей рэгіёна.

Аднак час не пашкадаваў большасць гэтых магутных пабудоў: да нашых дзён захаваліся толькі маляўнічыя руіны і рэшткі дзвюх вежаў — Шчытоўкі і Касцельнай. Тут праведзены неабходныя работы па кансервацыі, ёсць далейшыя планы. А новы праект дасць магчымасць ужо ў бліжэйшы час убачыць старадаўні замак, якім ён быў — ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці.

«Згодна з канцэпцыяй, на Замкавай гары з’явіцца шкляная панэль з выявай страчаных вежаў. На гэтым арт-аб’екце будзе літаральна „дамалявана“ гістарычнае аблічча замка на фоне яго рэальных руін. Захаваныя вежы і рэшткі крапасных сцен будуць праглядацца скрозь шкло, а страчаная частка замка — паказана на шкле. На кургане Міцкевіча, у самай высокай кропцы горада, установяць стацыянарны бінаскоп для дэталёвага разгляду панарамных відаў, а на схіле Малога замка, там, дзе адкрываецца від на горад і ветраэнергетычныя ўстаноўкі, размесцяць арэлі, стварыўшы прывабную, камфортную, інфарматыўную лакацыю для гасцей і гараджан. Такім чынам сучасныя тэхналогіі дазволяць зазірнуць у мінулае Навагрудка», — расказала аб праекце старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Каралько.


Арыгінальная ідэя ажыццяўляецца ў рамках грамадзянскай ініцыятывы «Погляд скрозь стагоддзі»: яна перамагла ў абласным конкурсе, які пад эгідай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў праводзіць асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў рэгіёна. Партнёрамі праекта выступаюць Навагрудскі райвыканкам і ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры».

У раёне перакананы, што ініцыятыва будзе садзейнічаць павышэнню турыстычнай прывабнасці, мае вялікі адукацыйны патэнцыял. Такі фармат дасць магчымасць наглядна вывучаць архітэктуру замка, нагадваць жыхарам і гасцям пра гістарычную значнасць помніка. Пры гэтым актуальным застаецца шматузроўневы падыход, які спалучае кансервацыю спадчыны, стварэнне камфортнай інфраструктуры і ўкараненне сучасных тэхналогій.

Пры тым, што створаная інфраструктура будзе служыць дзесяцігоддзямі, забяспечваючы пастаянны доступ да культурнай спадчыны, лічбавыя рашэнні, такія як дапоўненая рэальнасць, мабільныя гіды, можна будзе абнаўляць, захоўваючы актуальнасць кантэнту.

«Новыя аб’екты плануецца ўключыць у турыстычныя маршруты, што павысіць цікавасць да горада. Яны стануць месцам наведвання для школьнікаў і моладзі, будуць для іх наглядным „падручнікам“ па гісторыі малой радзімы, служачы справе выхавання павагі да спадчыны, гонару за нашу краіну, дзе беражліва ставяцца да здабытку продкаў, — адзначыла Святлана Каралько. — Асабліва значна, што гэта ідэя пайшла ад людзей і рэалізуецца як грамадзянская ініцыятыва. Спецыялісты перакананы, што разам з ростам турыстычнага патоку праект прынясе і адчувальны эканамічны вынік».

Шкляное палатно з відам на Навагрудскі замак будзе ўстаноўлена ўжо ў гэтым годзе. Цяпер праект знаходзіцца на этапе правядзення дзяржаўных закупак. Як толькі будуць заключаны дагаворы з пастаўшчыкамі, пачнуцца мантажныя работы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю