Еўрапейскі саюз рызыкуе сутыкнуцца з маштабным эканамічным шокам на фоне энергетычнага крызісу, выкліканага канфліктам на Блізкім Усходзе. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на выданне Politico.
Як адзначае выданне, еўрапейскія лідары ўжо папярэджваюць пра сур’ёзныя наступствы. Калі канфлікт зацягнецца, ён стане цяжарам, «гэтак жа цяжкім, як падчас пандэміі COVID-19», — заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Прэзідэнт Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысцін Лагард, у сваю чаргу, не выключыла, што наступствы крызісу могуць выйсці за рамкі бягучых чаканняў.
Ключавым фактарам рызыкі застаецца сітуацыя вакол Армузскага праліва, праз які праходзіць каля 20% сусветных паставак нафты і газу. Яго фактычнае закрыццё ўжо стварае пагрозу маштабных перабояў: паводле ацэнак экспертаў, рынак упершыню сутыкаецца з рызыкай адначасовага дэфіцыту адразу ўсіх відаў паліва — ад сырой нафты да дызеля і авіяцыйнай газы.
Нягледзячы на адносна невысокую прамую залежнасць ЕС ад паставак з Персідскага заліва, ціск на рынак узмацняецца з-за глабальнай канкурэнцыі. Азіяцкія краіны, значна больш залежныя ад рэгіёна, актыўна нарошчваюць закупкі, што прыводзіць да росту цэн і перанакіравання паставак, у тым ліку звадкаванага прыроднага газу, з Еўропы.
Ужо цяпер наступствы адчуваюцца ў росце цэн на паліва: кошт бензіну ў ЕС за месяц павялічыўся прыкладна на 15%. У выпадку зацягвання канфлікту еўрапейскія ўлады не выключаюць увядзення мер па абмежаванні попыту — ад зніжэння выкарыстання транспарту да нармавання паліва, што нагадвае практыку энергетычных крызісаў 1970-х гадоў.
Эксперты папярэджваюць, што далейшае падаражанне энерганосьбітаў можа ўдарыць па ўсёй эканоміцы ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да авіяцыі. Рост выдаткаў рызыкуе прывесці да стагфляцыі — спалучэння слабога эканамічнага росту і высокай інфляцыі.
Як адзначае Politico, развіццё сітуацыі будзе шмат у чым залежаць ад працягласці канфлікту: чым даўжэй захоўваецца нявызначанасць на энергетычных рынках, тым больш адчувальнымі будуць наступствы для эканомікі Еўропы.