Top.Mail.Ru

Польскі бюджэт на наступны год звярстаны са значным дэфіцытам

У даўгах як у шаўках

Дэфіцыт польскага бюджэту ў 2027 годзе складзе 282,6 мільярда злотых (65,7 мільярда еўра). Гэта больш чым запланавана на бягучы год — 271,7 мільярда злотых (63 мільярды еўра). Па прагнозе дэфіцыт дзяржаўнага сектара складзе каля 7 % ВУП.

Адметна, што, супакойваючы электарат, міністр фінансаў Польшчы гаворыць не аб дэфіцыце, а аб патрэбе ў знешнім фінансаванні. Маўляў, тыя самыя 75 мільярдаў могуць і не спатрэбіцца. Або спатрэбіцца значна менш. Усё будзе залежаць ад інфляцыі, росту ВУП, які запланаваны ў 3 %. Адным словам, заблытаў людзей канчаткова.

Між тым, дзяржаўны доўг Польшчы павялічваецца аднымі з самых хуткіх тэмпаў у Еўрасаюзе. Па даных Мінфіна, ён упершыню перавысіў устаноўлены ЕС ліміт у 60 % ВУП і на сярэдзіну 2026 года наблізіўся да 2,19 трыльёна злотых, або каля 505 мільярдаў еўра. Калі ў 2024-м ён складаў 54,8 %, то за першы квартал 2026-га лічба вырасла да 61,6 % ВУП. Згодна з прагнозамі Еўрапейскай камісіі, без правядзення структурных рэформаў да 2027 года паказчык можа вырасці да 68,3 %, а ў доўгатэрміновай перспектыве — перавысіць 100 % ВУП.

Вядома, агульная даўгавая нагрузка Польшчы ўсё яшчэ знаходзіцца значна ніжэй за сярэдні ўзровень па ЕС, які складае 82,9 % ВУП. Але галоўная праблема — не сам памер доўгу, а тэмпы яго росту. Па даных Еўрастата, гадавы прырост польскага доўгу (+4,5 працэнтнага пункту) стаў трэцім па хуткасці ў Еўрасаюзе, саступіўшы толькі Фінляндыі і Балгарыі.

Нарошчваючы доўг, дзяржава траціць усё больш бюджэтных грошай на выплату працэнтаў па пазыках замест развіцця медыцыны, адукацыі і інфраструктуры. Толькі ў наступным годзе ў праекце бюджэту закладзены прыкладна 25 мільярдаў еўра на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу. Чым больш важкім становіцца ён, тым больш запавольваецца эканамічны рост. Улада вымушаная будзе павялічваць падаткі і змяншаць фінансаванне па сацыяльных артыкулах. А гэта — страта даверу інвестараў да краіны, рэзкі рост кошту новых запазычанняў, што павышае рызыку фінансавага крызісу і дэфолту.

Скептыкі скажуць, што рост знешніх даўгоў — сусветная тэндэнцыя. У ЗША, напрыклад, доўг даўно перасягнуў планку ў 100 % ВУП, і нічога — жывуць. Амерыканцы таму і не хвалююцца, бо на іх працуе паўсвету. А Польшчу хто пракорміць? У сучасных рэаліях неабходна імкнуцца скарачаць даўгі і жыць, як кажуць, па сродках.

У нашай краіны таксама ёсць даўгі. Паводле інфармацыі міністра фінансаў Уладзіслава Татарыновіча, на 1 студзеня 2026-га дзярждоўг склаў у эквіваленце 71,8 мільярда беларускіх рублёў. Гэта крыху больш за чвэрць — 26,1 % — ад беларускага ВУП, што не перавышае бяспечных парогавых значэнняў. За мінулы год урад выплаціў усе абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні доўгу, краіна дасягнула па гэтым паказчыку гістарычнага мінімуму за апошнія 10 гадоў. Як сведчыць статыстыка, за мінулы год дзярждоўг знізіўся практычна на 11 %.

У Польшчы ж наспявае палітычны крызіс з-за авантурнага бюджэту. Незадаволенасць яго праектам выказваюць як прадстаўнікі апазіцыі, так і асобныя палітыкі кіруючага лагера.

«Апазіцыя паказвае перш за ўсё на рэкордны дэфіцыт і рост дзяржаўнага доўгу, звязваючы іх у тым ліку з маштабнымі выдаткамі на ўзбраенне. Пры гэтым частка крытыкаў лічыць, што пры такіх выдатках дзяржава павінна больш дакладна растлумачыць, якім чынам будзе фінансавацца далейшае пераўзбраенне арміі. З другога боку, сярод дэпутатаў кіруючай кааліцыі хапае такіх, хто лічыць ваенныя выдаткі недастатковымі і патрабуе іх павелічэння», — расказаў польскім СМІ дэпутат сейма, які па зразумелых прычынах пажадаў застацца неназваным.

Ён растлумачыў, што ў выпадку непрыняцця закона аб дзяржаўным бюджэце прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, які знаходзіцца ў апазіцыі да ўрада, можа скараціць тэрмін паўнамоцтваў сейма, што прывядзе да датэрміновых парламенцкіх выбараў і адстаўкі ўрада.

«Калі бюджэт не будзе прыняты і на працягу чатырох месяцаў з моманту яго прадстаўлення сейму не будзе перададзены прэзідэнту на подпіс, Караль Наўроцкі атрымае права распусціць ніжнюю палату парламента», — адзначыў ён.

Урад Польшчы ў канцы жніўня зацвердзіў праект бюджэту на 2027 год. Згодна з дакументам, выдаткі на абарону павінны скласці 198,1 мільярда злотых (каля 52,9 мільярда долараў) — 4,51 % прагназаванага ВУП. Пры гэтым агульны аб’ём выдаткаў дзяржаўнага бюджэту запланаваны на ўзроўні 977,6 мільярда злотых (каля 261,2 мільярда долараў) пры даходах у 695 мільярдаў злотых (каля 185,6 мільярда долараў), а лімітавы дэфіцыт павінен скласці 282,6 мільярда долараў (каля 75,5 мільярда долараў).

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю