Польскі тупік.
Нядаўнія выбары прэзідэнта ў Польшчы яшчэ больш агалілі праблемы палітычнай улады: выбраны кіраўнік дзяржавы Караль Наўроцкі, які прадстаўляе інтарэсы партыі «Права і справядлівасць» працягвае пікіроўку з прэм’ерам краіны Дональдам Тускам, выхадцам з «Грамадзянскай кааліцыі». Да чаго можа прывесці гэта канфрантацыя, аднаму богу вядома. Адно застаецца відавочным — крызіс палітычнай улады ў Польшчы толькі пагоршыцца.
Вотум даверу атрыманы, што далей?
Адразу пасля непераканаўчай перамогі Наўроцкага над Тшаскоўскім на прэзідэнцкіх выбарах (а непераканаўчая яна таму, што перавага склала менш за 2 % і нававыбраны кіраўнік польскага каралеўства не мае абсалютнай падтрымкі ў грамадстве) прэм'ер-міністр Дональд Туск вырашыў ініцыяваць разгляд у Польскім сейме пытання аб вотуме даверу да ўраду, які і стаў прадметам абмеркавання парламентарыяў 11 чэрвеня.
Забягаючы наперад, адзначым, што ўрад Туска ўсё ж атрымаў вотум даверу, праўда, такі ж непераканаўчы, як і ў выпадку з выбраннем Наўроцкага. Так, давер Кабінету міністраў выказалі 243 дэпутаты, супраць выступілі 210. Тых, хто ўстрымаўся, не было
Як адзначае RMF.FM, Сейм разглядаў прапанову аб вотуме даверу больш за сем гадзін. Галасаванню папярэднічала серыя пытанняў ад больш чым 260 дэпутатаў. Калі б Сейм не падтрымаў дадзеную прапанову, прэм'ер-міністр павінен быў бы падаць прэзідэнту заяву аб адстаўцы.
Сам Туск катэгарычна абверг чуткі аб магчымай адстаўцы і заявіў, што хоча працягнуць работу ў складзе цяперашняй кааліцыі.
«Ёсць пачуццё расчаравання і фрустрацыі»
А што думаюць самі палякі з гэтай нагоды?
Амаль палова апытаных палякаў лічыць, што прэм'ер-міністр павінен сысці ў адстаўку. Пра гэта сведчаць вынікі апытання Unіted Surveys, паведамляе БелТА са спасылкай на выданне Wіadomoscі.
Паводле апытання, 44,8 % рэспандэнтаў выступілі за адстаўку Туска, 43,3 % — прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання, 11,9% апытаных не змаглі адказаць.
Па словах доктара палітычных навук Рэнаты Мянькоўскай-Норкене, даволі вялікая колькасць рэспандэнтаў, якія адказалі ў ходзе апытання, што «Туск, верагодна, не павінен сыходзіць у адстаўку», тлумачыцца адсутнасцю ідэй, хто б мог яго замяніць на пасадзе.
«Тыя, хто адзначыў, што прэм'ер-міністру дакладна не варта сыходзіць у адстаўку, з'яўляюцца так званымі паслядоўнікамі Туска. Астатнія лічаць, што гэта можа быць добрай ідэяй, але яны паняцця не маюць, кім яго замяніць, і чакаюць, што ўрад застанецца кааліцыйным. Ёсць пачуццё расчаравання і фрустрацыі, што Туск «не апраўдаў чаканняў», але няма альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра, які б рэалізаваў палітычны парадак дня», — патлумачыла яна
Апытанне таксама паказала, што ў Туска могуць узнікнуць праблемы з фарміраваннем большасці ў новым складзе Сейма.
Адзначаецца, што, калі б выбары ў Сейм прайшлі цяпер, кіруючая партыя «Грамадзянская платформа» атрымала б 33 % галасоў, што дало б ёй 185 дэпутацкіх крэслаў. За галоўную апазіцыйную партыю «Права і справядлівасць» прагаласавалі б 30 % выбаршчыкаў (166 дэпутацкіх мандатаў). Партыя «Канфедэрацыя» атрымала б 16 % галасоў і правяла б у Сейм 79 сваіх дэпутатаў. Такім чынам, урад мог бы сфарміраваць альянс ПіС і «Канфедэрацыі» (245 месцаў).
Валтузня за галасы
Ну а пакуль расклад на канфрантацыю. Туск ужо анансаваў змены ў сваім кабінеце міністраў, але ці вырашыць гэта праблемы польскага грамадства? Думаецца, наўрад ці. Палітычны крызіс будзе пагаршацца, што, адпаведна, адаб'ецца і на рашэннях (дакладней, іх зацягванні) у дачыненні да жыцця простых абывацеляў.
Плюс не дадае нервовых клетак палітыкам і той факт, што непераканаўчая перамога Наўроцкага выклікае шмат пытанняў, правакуючы высновы на карысць перагляду вынікаў выбараў прэзідэнта.
У апошнія дні ў Польшчы ўспыхнуў скандал з-за парушэнняў пры падліку галасоў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Прыкладамі такіх парушэнняў сталі выпадкі ў выбаркамах у Кракаве, дзе кандыдатаў пераблыталі і прысвоілі ім няправільныя галасы. СМІ таксама паведамляюць пра іншыя выпадкі парушэнняў у выбарчых камісіях.
І пакуль уся Польшча гудзе аб магчымых падтасоўках, дзяржаўная выбарчая камісія спрабуе адмыцца ад абвінавачванняў, правёўшы нібыта пасяджэнне для разбору палётаў.
Паводле яе вынікаў ГВК распаўсюдзіла заяву, у якой паведаміла, што рыхтуецца справаздача, якая ў адпаведнасці з законам будзе дадзеная спікеру ніжняй палаты парламента і Вярхоўнаму суду цягам 14 дзён пасля апублікавання вынікаў выбараў, гэта значыць, да 16 чэрвеня.
«У той жа час дзяржаўная выбарчая камісія нагадвае, што кожны выбаршчык, уключаны ў спіс выбаршчыкаў, да 16 чэрвеня ў выпадку выяўлення парушэнняў падчас галасавання, вызначэння вынікаў галасавання або вынікаў выбараў можа падаць пратэст у Вярхоўны суд», — сказана ў паведамленні на сайце выбаркама
Ну што ж, вынікі гэтага разбору даведаемся ўжо хутка... Можна запасацца поп-корнам і назіраць за баталіямі палітыкаў Польшчы. Шкада, што гэта шуміха, акрамя папулізму і перацягвання на сябе коўдры, нічога не прынясе.
А простых людзей неяк шкада, не да іх, відавочна, кіраўніцтву Польшчы, не да іх...