Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з раненнем грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы, паведамляе БелТА.
Грамадзянін Беларусі атрымаў агнястрэльнае раненне 12 мая гэтага года ў Польшчы. Як растлумачылі ў МЗС, згодна з інфармацыяй, якая паступіла, польскія праваахоўнікі памылкова прынялі групу беларусаў за членаў злачыннай групоўкі, што і прывяло да прымянення зброі.
«Гэты інцыдэнт прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў рэальным узроўні бяспекі, які дэкларуецца польскім бокам», — звярнулі ўвагу ў МЗС. І ў сувязі з гэтым рэкамендавалі грамадзянам Беларусі ўлічваць такія рызыкі пры планаванні замежных паездак. «Як паказвае практыка, нельга выключаць, што законапаслухмяны грамадзянін можа быць памылкова прыняты за правапарушальніка і зведаць сілавое ўздзеянне», — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.
Разам з тым у МЗС віталі пачатак следчых дзеянняў з боку пракуратуры Польшчы і кваліфікацыю здарэння як перавышэнне службовых паўнамоцтваў. «Разлічваем на аб’ектыўнае расследаванне, устанаўленне вінаватых і іх прыцягненне да адказнасці», — падкрэслілі ў МЗС.