Помнік лётчыку Аляксандру Мамкіну адкрылі ў Полацкім парку ў Мінску, паведаміла БелТА.
Лётчык Аляксандр Мамкін 11 красавіка 1944 года вывозіў за лінію фронту выратаваных партызанамі выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома. Яго ціхаходны бяззбройны самалёт быў падбіты нямецкім знішчальнікам. Жыўцом згараючы, лётчык пасадзіў машыну, якая страчвала кіраванне, за лініяй фронту. Аляксандр Мамкін цаной свайго жыцця выратаваў 10 дзяцей-сірот, выхавальніцу і двух параненых партызанаў. Адкрыццё помніка стала часткай праграмы XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першымі кветкі да новага помніка ўсклалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава і Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Вадзім Пярэдня адзначыў, што пра подзвіг Аляксандра Мамкіна трэба не проста ведаць, а на яго прыкладзе выхоўваць моладзь. «Мы паказваем тое, што Беларусь — міралюбная дзяржава, якая шануе подзвігі продкаў. Сёння толькі ў Першамайскім раёне Мінска ў назвах больш як 20 вуліц увекавечаны імёны Герояў Савецкага Саюза», — падкрэсліў Вадзім Пярэдня.