Каля Паўночнай брамы мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» 21 чэрвеня ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі скульптурную кампазіцыю «Савецкім пагранічнікам прысвячаецца». У цырымоніі прыняў удзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, перадае БелТА.
Ідэю аб перадачы на бязвыплатнай аснове скульптурнай кампазіцыі воінам-пагранічнікам Прэзідэнту Беларусі прапанавала Міністэрства абароны Расіі. Кіраўнік дзяржавы ініцыятыву падтрымаў і прыняў рашэнне ўстанавіць помнік да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Брэст адным з першых у чэрвені 1941 года прыняў на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першымі на рубяжах сустрэлі ворага воіны ў зялёных фуражках. Горад над Бугам быў апошнім вызвалены ад акупантаў. Новая скульптурная кампазіцыя сімвалізуе ўсталяванне дзяржаўнай граніцы СССР у 1944 годзе. У памяць аб гэтай падзеі застылі фігуры чатырох воінаў-пагранічнікаў, якія ўстанаўліваюць пагранічны слуп.
«22 чэрвеня 1941 гады фашысцкая Германія ўсёй сваёй моцай абрынулася на Савецкі Саюз. Удар амаль 5,5 млн нямецкіх салдат і іх сатэлітаў прынялі на сябе 83 тыс. пагранічнікаў, якія служылі на заходняй граніцы. 485 пагранічных застаў сарвалі планы саперніка аб бліцкрыгу. 257 падраздзяленняў граніцы абаранялі свае ўчасткі да сутак, 36 — да двух сутак. Ад тыдня і даўжэй пратрымаліся больш за 100 пагранічных застаў. 45, як і несмяротны гарнізон Брэсцкай крэпасці, стойка змагаліся больш за месяц», — акцэнтаваў увагу старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Канстанцін Моластаў.
Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў плячом да пляча абаранялі сваю Радзіму. Кожны верыў, што наша зямля будзе вызвалена. Такі дзень наступіў летам 1944 года ў выніку стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Заходні ўчастак дзяржаўнай граніцы Савецкага Саюза ў межах Беларусі быў адноўлены. Менавіта гэтую падзею ўвекавечылі ў бронзе скульптары.
«Сучаснае пакаленне пагранічнікаў Беларусі ганарыцца тым, што ім выпаў гонар ахоўваць дзяржаўную граніцу на тым жа рубяжы, дзе ў чэрвені 1941 года праявілі масавы гераізм нашы папярэднікі. Не менш важна тое, што, выконваючы задачы па забеспячэнні пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, мы абараняем заходнія рубяжы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Адзіныя карані, агульная вера і традыцыі з’яўляюцца падмуркам узаемаадносін двух брацкіх народаў. Захаванне гістарычнай праўды, памяці продкаў — аснова будучыні нашых дзяржаў», — падкрэсліў Канстанцін Моластаў.
Для ўстанаўлення помніка разглядалі розныя месцы. Найбольш прыдатнай лакацыяй стала тэрыторыя каля Паўночнай брамы Брэсцкай крэпасці. Менавіта тут нямецка-фашысцкія захопнікі атрымалі першы адпор, былі зроблены першыя крокі да Перамогі. «Сярод абаронцаў брэсцкай цытадэлі налічвалася каля 500 пагранічнікаў Брэсцкага пагранатрада. Яны пакрылі сябе неўвядальнай славай. Такія падзеі — апорныя кропкі нашай вялікай гісторыі. У іх — вытокі народнага гонару і патрыятызму», — адзначыў намеснік міністра абароны Расіі — начальнік галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі Віктар Гарамыкін. Скульптурная кампазіцыя ля сцен Брэсцкай крэпасці — гэта знак падзякі, прызнання заслуг усіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія цаной свайго жыцця падарылі нам мір. «У нашых краінах свята шануюць подзвігі бацькоў і дзядоў. Ніколі не забудуцца аб тых ахвярах і пазбаўленнях, якія выпалі на іх долю», — дадаў Віктар Гарамыкін.
Помнік пагранічнікам адліты ў Маскве, у Студыі ваенных мастакоў імя М. Б. Грэкава. Работа над ім заняла каля пяці месяцаў. Спачатку фігуры стварылі ў гліне, а затым увасобілі ў бронзе. Аўтары працавалі з архіўнымі дакументамі, фатаграфіямі, каб выявы савецкіх памежнікаў адпавядалі эпосе. «Мы апраналі канструктараў у патрэбнае нам абмундзіраванне. Яны ўставалі ў патрэбныя позы. Мы фатаграфавалі іх з натуры і ляпілі. Выявы, вядома, зборныя. Нам важна было перадаць стан людзей той эпохі», — падзяліўся скульптар Аляксей Чабаненка.
Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Леанід Касінскі лічыць, што ўстаноўка гэтага помніка — яшчэ адна цаглінка ў барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі. «У нас у краіне шмат памятных мясцін, шмат манументаў. Гэта наш уклад у захаванне і перадачу гістарычнай праўды нашым нашчадкам. Тут недалёка — наша суседка Польшча, — звярнуў увагу Леанід Касінскі. — Разбураюць помнікі, знішчаюць гістарычную праўду, баяцца нашых дзядоў і прадзедаў, якія вызвалілі Еўропу, нават у застылых манументах. Мы павінны зрабіць усё, каб захаваць гістарычную праўду, пакінуць яе нашым нашчадкам».