Top.Mail.Ru

Попыт астуджаецца, а «квадрат» даражэе: эксперт прааналізавала сітуацыю з нерухомасцю

Чаму ў рэгіёне галасуюць за двухпакаёвыя кватэры, а ў сталіцы выбіраюць студыі, расказала начальнік упраўлення ацэнкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва (НКА) Вераніка Салаўёва, паведамляе БелТА.



Вераніка Салаўёва падкрэсліла, што рынак нерухомасці цяпер можна ахарактарызаваць запаволеннем. «Колькасць здзелак зніжаецца, прычым планамерна. Гэта зніжэнне ідзе два гады — з першага квартала 2025-га. Каб параўнаць гэта ўсё ў лічбах, можна адзначыць, што ў трэцім квартале гэтага года ў сярэднім штомесяц рэгістравалася каля 1,1 тыс. здзелак. У 2025 годзе гэтая лічба была 1,3 тыс., а ў 2024-м — 1,6 тыс. Гэта значыць зніжэнне здзелак і зніжэнне актыўнасці прыкметнае. Аднак пры гэтым тэндэнцыя плаўнага павышэння цэн з намі на працягу ўсіх гэтых двух гадоў. Нягледзячы на тое, што эксперты пачалі прагназаваць яшчэ пры першым зніжэнні актыўнасці стабілізацыю зніжэння цэн, за два гады мы гэтага пакуль яшчэ не назіраем», — патлумачыла яна.

Начальнік упраўлення ацэнкі адзначыла, што кастрычнік на рынку нерухомасці Беларусі выдаўся цікавым. Па стане на 1 лістапада было зафіксавана ўсяго 885 здзелак з кватэрамі, і гэта стала абсалютным мінімумам. Пасля абнаўлення статыстычных даных непасрэдна перад інтэрв’ю лічба змянілася: на бягучы момант за кастрычнік зарэгістравана ўжо 990 здзелак. «Гэта значыць колькасць здзелак знізілася, але ніякіх моцных падзенняў мы не назіраем. Пры гэтым рост цэн працягнуўся ў трэцім квартале і на другасным рынку ён быў ад 10% да 12%, на першасным рынку — каля 13%. Агульны грашовы абарот рынку ў Мінску перавысіў 1,2 млрд рублёў, і гэта плюс 13% да мінулага квартала. Гэта значыць, нягледзячы на тое, што колькасць здзелак зніжаецца, грашовы абарот рынку расце як у Мінску, так і ў рэгіёнах. У абласных цэнтрах, для параўнання, грашовы аб’ём рынку склаў больш за 500 млн рублёў, гэта значыць у 2,5 ніжэй, чым у Мінску, але, зноў жа, прырост у межах 12-13%», — дадала Вераніка Салаўёва.

Адказваючы на пытанне, якіх кватэр не хапае на рынку, начальнік упраўлення ацэнкі адзначыла, што аналіз праведзеных здзелак паказвае на пэўныя зрухі ў структуры прапановы. Паводле яе слоў, ключавыя трэнды і дынаміку цэн на рынку нерухомасці вызначае менавіта другасны сегмент, а не новабудоўлі. Яна ўдакладніла, што іх суадносіны складаюць дзевяць да аднаго: на дзевяць прададзеных кватэр на другасным рынку прыпадае толькі адна ў новабудоўлі. Аналітыка паказвае, што каля 30% прададзенага жылля адносіцца да сучасных дамоў, пабудаваных пасля 2020 года, і гэты паказчык стабільна расце.

У той жа час, падкрэсліла яна, доля тыпавых кватэр стандартных спажывецкіх якасцяў у дамах да 1980 года пабудовы ў агульным аб’ёме здзелак зніжаецца і складае ад 10% да 20% у залежнасці ад года пабудовы. Вераніка Салаўёва рэзюмавала, што цяпер на рынку адчуваецца недахоп менавіта тыпавога жылля са стандартнымі планіроўкамі, арыентаванага на масавага спажыўца.

Таксама начальнік упраўлення ацэнкі расказала, чаго сёння хоча пакупнік. Яна заўважыла, што кватэры-студыі па-ранейшаму папулярныя, а больш за ўсё здзелак здзяйсняецца ў буйным мікрараёне на тэрыторыі былога аэрапорта. «Там новыя сучасныя кватэры, вельмі шмат студый, і ў іх невялікая плошча. Таму і пачатковая сума ўзносу не такая вялікая. У прынцыпе, аднапакаёвыя кватэры ў Мінску — абсалютная большасць (45% усіх здзелак). Калі мы гаворым пра рэгіёны, то там ужо тэндэнцыя трошкі іншая. Аднапакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры маюць прыблізна роўную долю рынку. Часам перавага аддаецца двухпакаёвым кватэрам. Хутчэй за ўсё, гэта звязана ў тым ліку і з абсалютнай цаной за цэлы аб’ект нерухомасці. Гэта значыць, у рэгіёнах яна больш даступная: кватэра невялікай плошчы стандартных спажывецкіх якасцяў», — падкрэсліла яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю