Top.Mail.Ru

Попыт моладзі на рабочыя спецыяльнасці значна вырас

Прыём у каледжы сёлета прайшоў паспяхова — так ацанілі вынікі ўступнай кампаніі ў Міністэрстве адукацыі. І гэта далёка не выпадковасць. Для таго каб наша моладзь ацаніла, наколькі прывабнымі (прычым у многіх адносінах) з’яўляюцца рабочыя спецыяльнасці і якія перспектывы яны адкрываюць, некалькі гадоў карпатліва і сістэмна працавалі ўстановы адукацыі і арганізацыі — заказчыкі кадраў. Што радуе, адзначаюць у адукацыйным ведамстве, у гэты працэс актыўна ўключаліся і бацькі падлеткаў.


Для рэальнага сектара эканомікі

Велізарную ролю ў папулярызацыі рабочых прафесій адыграла прафарыентацыйная дзейнасць, лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ганна БОЙКА:

— Школьнікі наведвалі каледжы і бачылі, наколькі сучасная і тэхналагічная там матэрыяльна-тэхнічная база. Для іх аказалася важным і тое, што навучэнцы каледжа ўжо на 1-м курсе, падчас праходжання вытворчай практыкі, маюць магчымасць зарабіць свае першыя грошы.

Сёння праграмы ССА і ПТА ў нашай краіне рэалізуюць 242 каледжы і 32 іншыя ўстановы.

— У гэтую прыёмную кампанію з улікам аналізу патрэбнасці кадраў для рэальнага сектара эканомікі і дэмаграфічнай сітуацыі быў павялічаны набор прыкладна на 1,5 тысячы месцаў. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі Міністэрства адукацыі павялічыла набор амаль на 800 месцаў, і на гэты ўзровень залічана каля 29 800 чалавек, а на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 38 300. Прычым спецыяльнасці для рэальнага сектара эканомікі ў гэтай колькасці займаюць не менш за 70 %, — акцэнтуе ўвагу Ганна Уладзіміраўна.


Якія ж спецыяльнасці сёлета былі найбольш запатрабаваныя?

— Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, правазнаўства, педагогіка, ахова здароўя, архітэктура і будаўніцтва, — пералічвае Ганна Бойка. — Адпаведна, вырас на гэтыя і іншыя папулярныя прафесіі і сярэдні бал — у гэтым годзе ён складаў ад 6 да 10, а найбольш высокім быў на такіх профілях навучання, як «Інжынерна-апрацоўчыя тэхналогіі», «Педагогіка», «Ахова здароўя», «Кіраванне, фінансы і бізнес». На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі лідзіруюць будаўнічы кірунак, машынабудаванне. Конкурс там склаў два чалавекі на месца.

Ад праграміста да бармена

У шэрагу каледжаў сёлета адкрыта навучанне па новых спецыяльнасцях. Напрыклад, у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхналогій камунальнай гаспадаркі і транспартнага абслугоўвання з’явіліся кваліфікацыі «Слесар па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў» і «Слесар-сантэхнік». У Мінскім дзяржаўным каледжы будаўніцтва імя У .Г. Каменскага — 
«Фармоўшчык вырабаў і канструкцый», «Цясляр-бетоншчык», «Мантажнік сістэм вентыляцыі і пнеўматранспарту», «Абліцоўшчык сінтэтычнымі матэрыяламі». У Мінскім дзяржаўным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча — кваліфікацыі «Машыніст аўтаматрысы» і «Складальнік цягнікоў», у Мінскім дзяржаўным каледжы сэрвісу і тэхналогій — «Касметык», у Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі — «Кветкавод».

бел

У Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы, у які запрасілі журналістаў, за апошнія пяць гадоў адкрыта падрыхтоўка тэхнікаў-праграмістаў, тэхнікаў нізкатэмпературнай тэхнікі, наладчыкаў тэхналагічнага абсталявання, кандытараў, барменаў. Пашырыць пералік прафесій, па словах дырэктара каледжа Святланы АНДРЭЕВАЙ, дазволіла абнаўленне матэрыяльнай базы:

— Сёння мы маем 14 сучасных лабараторый і пяць майстэрняў. Асаблівы гонар МДМТК — адзіны ў краіне Цэнтр кампетэнцыі па наладцы і эксплуатацыі нізкатэмпературнай тэхнікі. З 2020 года тут штогод праходзяць сеткавае навучанне больш за 400 навучэнцаў з 10 профільных устаноў Беларусі.


Каледж рыхтуе спецыялістаў не толькі для прамысловасці, але і для сферы грамадскага харчавання, халадзільнай і фармацэўтычнай галін. Навучаюцца тут і будучыя педагогі. 
У адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі, студэнты праходзяць практыку на вядучых прадпрыемствах сталіцы.

Мы пабывалі ў лабараторыях каледжа і пераканаліся, што ў ім сапраўды хочацца вучыцца. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб атрымаць добрую прафесію і стаць запатрабаваным спецыялістам і на сучасным працоўным рынку, і ў перспектыве.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю