Мы ўжо паведамлялі (у матэрыяле), што ў Слаўгарадскім раёне 22 верасня стартавала пошукавая экспедыцыя «Сожскі рубеж — 2026». Пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» сумесна з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь працуюць на месцах баёў 1941 года падраздзяленняў 25-га механізаванага корпуса Чырвонай арміі і 17-й і 34-й пяхотных дывізій вермахта. За тры дня работы ваенныя археолагі паднялі астанкі 36 чырвонаармейцаў. А разам з імі 16 медальёнаў і ордэн Чырвонай Зоркі.
— Па нумару ордэна атрымалася ўстанавіць яго ўладальніка, — паведаміў кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. —Павел Філіпавіч Андоскін (па іншўых крыніцах Андоськін), 1915 года нараджэння, ураджэнец Мардоўскай АССР. Узнагароду ён атрымаў у 1940 годзе за ахову дзяржаўнай мяжы. 85 гадоў ён значыўся ў спісках прапаўшых без вестак. Нарэшце герой вярнуўся з вайны.
Работы працягваюцца. Мікалай Барысенка мяркуе, што гэта не апошняе імя, якое атрымалася ўстанавіць у гэтай экспедыцыі.
Пошукі ўскладняе дождж, удзельнікі экспедыцыі працуюць пад тэнтамі ў вельмі неспрыяльных умовах, але настрой баявы. Добраахвотнікі займаюцца важнай справай у дні сваіх адпачынкаў, бяруць адгулы, зрываюцца на выхадныя дні. Паліва і харчаванне таксама за свой кошт. Але кожны разумее сваю вялікую місію і не скардзіцца на складанасці.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва клуба «Віккру»