Пошукі ў гарах Кыргызстана групы альпіністаў, у якую ўваходзяць два беларусы, прадоўжаць пры паляпшэнні надвор’я і з выкарыстаннем дронаў. Аб гэтым БелТА паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя альпінізму і скалалажання» Аляксандр Гадлеўскі.
Кіраўнік федэрацыі расказаў, што ў Кыргызстан вылятае жонка аднаго з прапаўшых беларускіх альпіністаў, каб на месцы даведацца падрабязнасці і аказаць пасільную дапамогу. «На месца пошукаў прыбылі дроны, генератары, але надвор’е пакуль складанае. Папярэдні прагноз быў, што шторм на піку Карумду (вышынёй 6613 м. — Заўвага БЕЛТА) прадоўжыцца да 11 жніўня, але ёсць надзея, што заўтра надвор’е праясніцца», — адзначыў Аляксандр Гадлеўскі.
Ён растлумачыў, што федэрацыя афіцыйна звярнулася да міністра па надзвычайных сітуацыях Кыргызстана, каб сілы і рэсурсы МНС былі задзейнічаны і ў далейшым, а выратавальныя работы прадоўжыліся. «Асноўная праблема — гэта ўмовы надвор’я. Людзі працуюць, стараюцца, вядуць пошукі. Падняцца вышэй за 5 тыс. м немагчыма — бесперастанны дождж, пачынаючы з 4 тыс. м — снег з дажджом, бачнасці няма», — расказаў ён.
Таксама старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання падкрэсліў, што прапаўшыя альпіністы падрыхтаваны да любых непрадбачаных сітуацый.
«Яны вельмі вопытныя, умеюць выжываць у любых умовах. Працаваць трэба, і мы будзем спадзявацца, што пошукі дадуць станоўчы вынік», — падагульніў Аляксандр Гадлеўскі.
Трое альпіністаў, двое з якіх — грамадзяне Беларусі, рабілі ўзыходжанне на пік Карумду (Паміра-Алай і Заалайскі (Чон-Алайскі) хрыбет па Паўночным грэбені) і перасталі выходзіць на сувязь 4 жніўня. Месцазнаходжанне групы пакуль невядома.