Top.Mail.Ru

«Поспех каласальны!»

Выстаўка дасягненняў «Мая Беларусь», якой адкрыўся 28 снежня Мінскі міжнародны выставачны цэнтр (сучасная экспазіцыйная пляцоўка, якая не мае аналагаў у нашай краіне па інавацыйнасці), задумвалася як унікальная падзея, што натхняе адкрываць для сябе нашу краіну — упершыню або нанова. І задуманае ўдалося. Пра гэта сведчаць і водгукі наведвальнікаў, і колькасць гасцей экспазіцыі — больш за 400 тысяч. Людзі былі рады больш даведвацца пра сваю краіну, захапляцца ёю, падкрэсліў, падводзячы вынікі выстаўкі «Мая Беларусь», дырэктар Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» Сяргей Баран.


Усім сэрцам з краінай

Выстаўка завяршыла работу 27 студзеня, і відавочна, што гэты культурны праект застанецца ў гісторыі краіны дзякуючы той унікальнай атмасферы, якую ўдалося стварыць яе арганізатарам. Прывітальны адрас кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрыя НАЗАРАВА са сцэны фінальнага канцэрта выстаўкі «Мая Беларусь» абвясціў першы намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай ШКРЭД. Беларусы ўмеюць працаваць, ствараць, здзяйсняць навуковыя адкрыцці, спасцігаць космас, расціць хлеб, вырабляць найшырэйшы спектр прадукцыі, вырашаць самыя складаныя задачы, дасягаць пастаўленых мэт, адзначаецца ў прывітальным адрасе.

— Разам мы робім усё магчымае, каб Беларусь была паспяховай высокаразвітой краінай, — прагучала са сцэны ММВЦ. — Сведчаннем таму стала гэтая маштабная выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі. Яе мэтай было паказаць і расказаць, у першую чаргу маладому пакаленню, чаго дасягнула наша краіна за гады незалежнасці.

Выстаўка прайшла з вялікім поспехам, канстатаваў у прывітальным адрасе Юрый Назараў: «Цікавасць, праяўленая з боку грамадзян Рэспублікі Беларусь і замежных гасцей, перасягнула чаканні. Поспех каласальны. За месяц яе наведала больш чым 400 тысяч чалавек з розных куткоў Беларусі і не толькі.

У тым ліку — 120 тысяч дзяцей. У рамках выстаўкі адбылося каля 70 культурна-забаўляльных падзей, 25 дзелавых мерапрыемстваў. На канцэртнай пляцоўцы выступілі 74 творчыя калектывы, у тым ліку Прэзідэнцкі аркестр, канцэрт якога сабраў амаль тысячу чалавек. Свае пажаданні і водгукі на лакацыі „Усім сэрцам з Беларуссю“ пакінула больш за 10 тысяч наведвальнікаў. „Мая Беларусь“ наглядна прадэманстравала: калі мы разам, мы можам зрабіць усё».

Справа гонару

— Для нас гэта велізарны поспех, — падкрэсліў дырэктар «БелЭкспа». — Мы ганарымся тым, што ўдалося паказаць беларусам, чаго дасягнулі за гады незалежнасці: на простай, зразумелай мове расказаць пра іх саміх.

Нагадаем, што выстаўка «Мая Беларусь» займала плошчу больш чым 30 тысяч квадратных метраў, экспазіцыя складалася з 11 лакацый («Знак якасці», «Культурная спадчына», «Разумны горад», «Прыгожая краіна», «Навука і інтэлект», «Клопат пра здароўе», «Спартыўная краіна», «Атамная энергія», «Сельская гаспадарка» і г. д.) і ўключала велізарную колькасць унікальных экспанатаў, многія з іх упершыню дэманстраваліся шырокай грамадскасці. У прыватнасці, у кожнага была магчымасць не толькі ўбачыць, але і дакрануцца да капсулы, у якой вярнулася на зямлю першы касманаўт суверэннай Беларусі Марына Васілеўская («касмічная» лакацыя была адной з самых папулярных). А таксама ацаніць першы беларускі электрамабіль BelGee EX50. Акцэнт арганізатары зрабілі і на інтэрактыўнасць: мноства сімулятараў, якія даюць рэальныя адчуванні (напрыклад, кіравання сучасным трактарам), а таксама розныя «віртуальныя экскурсіі» спадабаліся і дзецям, і дарослым.

Падчас цырымоніі закрыцця выстаўкі на сцэне ММВЦ адбылося ўзнагароджанне за эфектыўнае супрацоўніцтва ў арганізацыі і правядзенні гэтага грамадска значнага мерапрыемства. Падзякі Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоіліся Міністэрства прамысловасці, канцэрны «Беллегпрам», «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», міністэрствы спорту і турызму, сельскай гаспадаркі і харчавання, па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі і Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь, абласныя выканаўчыя камітэты, іншыя міністэрствы, ведамствы і арганізацыі краіны. І, вядома, Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа». Дырэктар «БелЭкспа» паабяцаў падтрымліваць добрую традыцыю — мерапрыемствы ў новым выставачным цэнтры і ў далейшым будуць такімі ж яркімі і маштабнымі.

— Наступнае будзе прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — праанансаваў ён. — Выстаўка пакажа і распавядзе беларусам пра тое, як гераічна абаранялі краіну. Думаю, яна яшчэ больш ярка раскрые патэнцыял нашага новага выставачнага цэнтра.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю