Top.Mail.Ru

Поспех, рэкорды і спакой: адкрываем красавіцкі нумар «Алесі»

У красавіцкім нумары часопіса «Алеся» чытайце: 


Трэба любіць сваё па-сапраўднаму 

— Поспех і запатрабаванасць, акрамя прыемных бонусаў у выглядзе павышэння асабістай і грамадскай значнасці, як правіла, маюць і адваротны бок. Скарачаюцца асабісты час і прастора, значна ўзрастае адказнасць за любыя словы і ўчынкі. Паспяховы чалавек жыве без права на памылку, таму што ён у пэўнай меры становіцца прыкладам для іншых. Гэта няпростая ноша, — так паэт-песеннік Ганна Сялук адказвае на пытанне аб тым, як поспех і запатрабаванасць жанчыны мяняюць адносіны да яе з боку асяродзя. 

У чым яна чэрпае натхненне для сваёй творчасці? З чаго пачынаецца выхаванне любові да свайго, роднага? Як успрымае крытыку і нядобразычлівасць у свой адрас? Што асабіста для яе самае галоўнае, каб адчуваць сябе шчаслівай. Пра гэта і многае іншае вы даведаецеся з інтэрв’ю з Ганнай Сялук.

Увайсці ў гісторыю 

Чарговая гераіня рубрыкі «Адна на мільён» — беларуска Вольга Навумава. У мінулым годзе яна папоўніла Кнігу рэкордаў Гінеса. Падняўшыся на верталёце ў раёне Сьянгбочэ (Непал), побач з Эверэстам, яна здзейсніла самы высокі скачок у гісторыі скайсерфінгу — дысцыпліны ў парашутным спорце, якая прадугледжвае выкананне ў свабодным падзенні розных трукаў з прымацаванай да ног дошкай.

Спыталіся ў Вольгі Навумавай, што заахвоціла яе пайсці на «рэкорд». Да якога ўзросту яна плануе займацца парашутным спортам? Ці складана ў такім экстрэмальным відзе спорту, які патрабуе мужчынскіх якасцяў, заставацца жанчынай?

Чаму сіла ў спакоі?

Эмацыйныя ўсплёскі здараюцца з кожным. Раздражненне з-за дробнай няўдачы, трывога перад важнай падзеяй, гнеў на несправядлівую заўвагу — усё гэта частка жыцця. Аднак менавіта ў такія моманты мы часта робім памылкі, аб якіх потым шкадуем. 

Псіхолаг Алена Шаўчэнка падкажа, як навучыцца кіраваць эмоцыямі; якімі тэхнікамі трэба авалодаць і якую доўгатэрміновую стратэгію выбраць, каб спакой не пакідаў нас нават у самых экстрэмальных сітуацыях?

Няроўны шлюб

Зараз адносіны паміж партнёрамі з вялікай розніцай ва ўзросце нікога не здзіўляюць. Хоць па-ранейшаму выклікаюць перасуды, асабліва калі старэйшая ў пары — жанчына. Даведаемся, што думаюць пра плюсы і мінусы такіх адносін сексолагі і псіхолагі.

Палітра вясны

Гэтай вясной і летам колер перастае быць проста дадаткам да вашага вобраза. Ён робіцца яго сэнсавым цэнтрам. Мода ўпэўнена рухаецца ў бок максімалізму, і менавіта насычаныя тоны фарміруюць настрой новага сезона. Расказваем пра ключавыя адценні, якія дапамогуць стварыць актуальны, сучасны гардэроб.

Таксама тлумачым, як аптымізаваць касметычку, і распавядаем пра апошнія мейкап-трэнды з сусветных подыумаў. 

Вольга БЕНЬКОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю