«Ствараць новыя пункты росту»
Заўтра афіцыйна стартуе XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, галоўны лейтматыў якога — «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова ўстойлівага развіцця Саюзнай дзяржавы». У гэтым маштабным саюзным дыялогу прымуць удзел больш за 1,5 тысячы чалавек з абедзвюх краін. Аб напаўняльнасці форуму расказалі сенатары, старшыні Пастаянных камісій Савета Рэспублікі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы падкрэсліў, што падрыхтоўка да такога мерапрыемства вядзецца задоўга да яго старту: «Ідзе аналіз таго, што зроблена за год, якія пытанні ўпушчаныя, што неабходна аператыўна вырашаць, якія новыя выклікі з’явіліся за гэты час. Таму 10 секцый ахопліваюць усе кірункі нашага жыцця».
Міхаіл Русы нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў размове з Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным падкрэсліў, што Форум рэгіёнаў з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай, якая збірае больш за 700 гасцей з Расіі, каля 40 кіраўнікоў заканадаўчых сходаў, прадстаўнікоў адміністрацыі са звыш 30 рэгіёнаў, дырэктараў найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў.
Па раней заключаных паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі кантрактах пабудавана нямала аб’ектаў, якія дазволілі стварыць працоўныя месцы, забяспечыць стабільны заробак, паступленні ў бюджэт, рост валавога рэгіянальнага прадукту. «Гэта стабільнасць нашага валютнага рынку, курсу рубля і дастатак людзей. Чым мацней эканоміка, чым больш кантрактаў, тым мацней сацыяльная забяспечанасць нашай краіны. На гэта форум і накіраваны», — рэзюмаваў Міхаіл Русы.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, у форуме возьмуць удзел больш за тысячу чалавек, якія ў ходзе тэматычных секцый разгледзяць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння дзвюх краін. «Абмеркаванне ахопіць разнастайныя пытанні — ад прамысловасці да навукі і медыцыны, закранаючы аграпрамысловую кааперацыю беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў», — удакладніў парламентарый.
Леанід Заяц падкрэсліў, што форум неабходны для ўмацавання эканамічных пазіцый і ўзмацнення Саюзнай дзяржавы. «У прыватнасці, мы разгледзім пытанні харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Безумоўна, мы сёння забяспечылі харчовыя рынкі Саюзнай дзяржавы, але зараз неабходна яшчэ больш трывала звязаць узаемнымі дагаворамі галіны аграпрамысловага комплексу», — рэзюмаваў сенатар.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік адзначыў вялікую падрыхтоўчую работу па змястоўным напаўненні форуму, па падрыхтоўцы двухбаковых пагадненняў, кантрактных дамоўленасцяў. «І мы, вядома, разлічваем павялічыць аб’ём узаемна падпісаных дакументаў, якія будуць ствараць новыя пункты росту», — звярнуў увагу Сяргей Алейнік. На секцыі, у якой возьме ўдзел сенатар, плануецца разгледзець шырокае кола пытанняў, звязаных з прамысловай кааперацыяй, рэалізацыяй інавацыйных праектаў, перспектыў стварэння адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы. «Мы плануем сумеснымі намаганнямі знайсці новыя пункты для росту нашага ўзаемадзеяння ў рэалізацыі інавацыйных праектаў, прамысловай кааперацыі і ўмацаванні тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы», — удакладніў старшыня Пастаяннай камісіі.
Як адзначыў Раман Бродаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, у ходзе падрыхтоўкі гэтага форуму была задзейнічана практычна ўся вертыкаль урада, усе міністэрствы, канцэрны, вобласці, рэгіёны.
«На працягу года гэта падрыхтоўка вялася, і цяпер яна выходзіць на фінішную прамую, — падкрэсліў Раман Бродаў. — Ужо вызначаны ўсе секцыі, усе ўдзельнікі, усе выступоўцы і тыя тэмы, якія будуць ахоплены непасрэдна падчас форуму. А іх спектр досыць шырокі. Падрыхтавана да падпісання і плануецца да падпісання не толькі кантрактаў, але і іншых дакументаў на суму больш чым 1 мільярд долараў».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ