Top.Mail.Ru

Пра Дж. К. Роўлінг здымуць дакументальны фільм

BBC плануе зняць двухсерыйны дакументальны фільм аб жыцці і творчасці Дж. К. Роўлінг, піша Deadline. Дата прэм’еры пакуль невядомая, аднак плануецца, што яна адбудзецца адначасова з выхадам новага серыяла пра «Гары Потэра» ў снежні.


Першая серыя раскажа пра шлях пісьменніцы, стварэнне і поспех створанага ёй чароўнага сусвету. Другая будзе прысвечана скандалам вакол Роўлінг і яе рэзанансным выказванням па пытаннях незалежнасці Шатландыі, фемінізму, свабоды слова і гендарнай ідэнтычнасці.


У аснову дакументалкі ўвойдуць рэдкія архіўныя кадры, цытаты самой Джаан Роўлінг і інтэрв’ю з яе калегамі. Пры гэтым аўтары карціны не ўдакладняюць, ці будзе сама Роўлінг даваць інтэрв’ю або супрацоўнічаць са стваральнікамі праекта.

«Прайшло 30 гадоў з выхаду першай кнігі пра Гары Потэра, і для BBC гэта ідэальны момант, каб разабрацца ў феномене Джаан Роўлінг. Немагчыма апісаць культуру сучаснай Брытаніі, праігнараваўшы гісторыю пра хлопчыка-чараўніка. Бо Роўлінг не проста стварыла гіганцкую медыяімперыю з кніг і фільмаў, але і сама ператварылася ў адну з самых спрэчных фігур, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве», — адзначыў кіраўнік аддзела гістарычных праграм BBC Сайман Янг.

Нядаўна стала вядома, што пісьменніца выпусціць дзве новыя кнігі, якія пашыраць сусвет «Гары Потэра». Кнігі выйдуць у выдавецтве Bloomsbury Publishing у лютым. Яны раскажуць гісторыю прафесара МакГонагал і блізнят Фрэда і Джорджа Уізлі. Раней у друк ужо выйшлі аналагічныя зборнікі пра Гары, Рона, Герміёна, Палумну і прафесара Дамблдора.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю