Сёння хрысціяне-каталікі сустракаюць Светлы Вялікдзень, і жыхары Віцебска наведваюць кафедральны касцёл Езуса Міласэрнага. Перад святочным набажэнствам вернікі падзяліліся з БелТА, што для іх азначае гэты вялікі дзень і якія традыцыі перадаюцца ў іх сем’ях з пакалення ў пакаленне.
Для многіх віцебскіх каталікоў велікодныя традыцыі маюць глыбокія карані. У Анастасіі Міцкевіч яны пачаліся з прабабулі, і цяпер яе трое дзяцей падтрымліваюць звычаі святкавання аднаго з самых галоўных царкоўных святаў года. «Больш за ўсё мы любім з дзецьмі разам фарбаваць яйкі і печ булкі, гэта з такіх бытавых традыцый. А самае галоўнае — у Велікодную нядзелю мы збіраемся ў маіх бацькоў за святочным сталом. У мяне па мамінай лініі ўсе каталікі, пачынаючы ад прабабулі, і сваіх дзяцей я далучаю да веры пачынаючы з двухтыднёвага ўзросту. Мы сям’ёй заўсёды наведваем святочную службу. Наогул, я кожную нядзелю бываю ў касцёле, дзе, дарэчы, хрысціліся нашы дзеці, і яшчэ па закліку душы заходжу ў храм, калі хочацца папрасіць, падзякаваць, проста часам пабыць у цішыні — з Богам, нашым бацькам, выказаць яму свае нягоды, радасці», — падзялілася віцябчанка.
Вялікдзень для яе мае асаблівы сэнс. «Для мяне гэта свята святла і радасці, надзеі на тое, што пасля смерці зямной нашы душы на небе сустрэнуцца з Панам», — адзначыла Анастасія.
Зараз Ала Рыбакова перадае сямейныя традыцыі дзецям. «Па магчымасці стараемся наведваць Боскую літургію, хрэсны ход у суботу напярэдадні Вялікадня, асвячаем кулічы, накрываем дома стол па ўсіх традыцыях. Для мяне гэта свята святла, радасці, духоўнай свабоды, веры ў тое, што наша жыццё ў любым выпадку працягнецца», — адзначыла яна.