Top.Mail.Ru

Пра мову, культуру і традыцыі. Якія навучальныя гульні стварылі ўдзельнікі конкурсу «ПРАБеларусь»

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «ПРАБеларусь», перадае БелТА.


Конкурс прысвечаны пяцігодцы якасці і ў бягучым годзе сабраў каля 700 творчых работ дзяцей з усёй краіны.

«Конкурс праходзіць штогод і дае магчымасць паказаць моладзі, чым ганарыцца кожны з нашых населеных пунктаў. Канкурсанты маглі праявіць сябе ў дзвюх намінацыях. Традыцыйна адной з іх стала „ПРАБеларусь у аб’ектыве“, якая сабрала фотаработы, якія дазваляюць убачыць унікальныя славутасці краіны, людзей і яркія моманты, якімі ганарыцца кожны з нас. Другая намінацыя „Гульня ПРАБеларусь“, у якой удзельнікі стваралі тэматычныя настольныя гульні», — пералічыў намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Віктар Філіпенка.

Удзельніца з Гомеля Руслана Мядзведзева, якая заняла трэцяе месца, у сваёй рабоце сумясціла шэсць гульняў у адной. «Самы просты варыянт — на хуткасць раскласці карты з інфармацыяй аб гарадах па парадку ў залежнасці ад плошчы і насельніцтва. Такім чынам дзіця вывучае Беларусь, пазнае новыя гарады. Можна перамяшаць карты, раздаць усім і скідваць іх па прынцыпе аднолькавага сімвала», — сказала дзяўчына.

Прызавое месца з ёю падзяліла Дар’я Лукашэвіч з Жодзіна. «Наш праект — віктарына пра Беларусь з чатырох блокаў: валоданне беларускай мовай, геаграфія, гісторыя і традыцыі. Гульня дапаможа даведацца шмат новага аб роднай краіне», — лічыць канкурсантка.

Першае месца ў сваёй катэгорыі заняў Цімур Андросаў з Мазыра. «Мая гульня — сумесь Бінга і Лато. У нас у краіне шмат дастойных брэндаў. Хочам пазнаёміць людзей з беларускімі прадпрыемствамі, для гэтага ў камплекце ёсць буклет з агульнай інфармацыяй пра іх. У спецыяльным барабане, які круціцца, у кожным шарыку ёсць паперка з назвай брэнда. На асобнай картцы трэба яго выкрэсліваць», — растлумачыў пераможца.

Віктар Філіпенка звярнуў увагу: конкурс не застаецца незаўважаным. «Распрацаваныя гульні выкарыстоўваюцца ва ўстановах адукацыі для напаўнення змястоўнай часткі інтэрактыўных пляцовак. Некаторыя з іх прэзентавалі ўжо на нашым вялікім свяце, прысвечаным Дню абароны дзяцей», — падзяліўся намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Конкурс праводзіцца ў мэтах сацыялізацыі моладзі, фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю