«Гэта першы ў Беларусі зафіксаваны выпадак такога роду махлярства. Гаворка ідзе аб стварэнні фэйкавых выданняў-копій ужо існуючых і прызнаных у свеце часопісаў, а таксама аб выдачы лжывых артыкулаў за аўтарытэтныя навуковыя публікацыі. Ахвярамі падману рэгулярна становяцца навукоўцы з усяго свету. Распаўсюджванне падобных клонаў стварае пагрозу для глабальнай акадэмічнай супольнасці, наносіць іміджавы ўрон універсітэту і яго выдавецкай дзейнасці, падрывае давер нават да афіцыйных, якасных навуковых выданняў», — праінфармаваў Уладзімір Кулажэнка.
Ён адзначыў, што на працягу апошніх некалькіх месяцаў у Інтэрнэце дзейнічае сайт, які практычна ў дакладнасці капіруе інфармацыю з сапраўднага часопіса БДУ. Падробка змяшчае сапраўдныя архівы артыкулаў, пачынаючы з 2017-га і заканчваючы сярэдзінай 2025 года. Пры гэтым наступныя апублікаваныя выпускі скампраметаваныя. У іх уключаны артыкулы альбо неіснуючых аўтараў, напісаныя з дапамогай штучнага інтэлекту для маніпуляцый з паказчыкамі цытавання, альбо рэальных навукоўцаў, якія памылкова заплацілі за публікацыю ў часопісе-клоне.
«Характэрна, што фэйк быў створаны ў жніўні 2025 года — усяго праз пару месяцаў пасля прысваення „Часопісу БДУ. Гісторыя“ найвышэйшай ацэнкі Q1 ў рэйтынгу часопісаў базы даных Scopus. Гэта прыраўноўваецца да ўваходжання ў катэгорыю 25% найбольш цытаванай навуковай літаратуры ў свеце, істотна ўплывае на публікацыйную актыўнасць ВНУ і цытаванасць навукоўцаў. Мы мяркуем, што менавіта прэстыжны статус беларускага часопіса стаў галоўнай прычынай увагі махляроў», — падкрэсліў Уладзімір Кулажэнка.
Са слоў эксперта, размясціць артыкул у рэальным выданні з базы Scopus няпроста нават дасведчанаму навукоўцу. Менавіта таму ўзнікае попыт на стварэнне клонаў. «Ашуканцы здабываюць камерцыйную выгаду ад рэалізацыі такой схемы, а нядобрасумленныя аўтары маюць магчымасць за грошы павялічыць цытаванасць і ў тэорыі нават атрымаць індэксацыю свайго артыкула ў Scopus і іншых аўтарытэтных базах даных», — растлумачыў кіраўнік.
Небяспека заключаецца ў тым, што сутыкнуцца з часопісам-клонам БДУ можа любы даследчык, бо візуальна адрозненні паміж сапраўдным выданнем універсітэта і выдуманым заключаюцца толькі ў невялікіх дызайнерскіх адхіленнях. Каб не паддацца падману, Уладзімір Кулажэнка рэкамендуе аўтарам правяраць вэб-адрас часопіса на афіцыйным партале ўніверсітэта-заснавальніка і ўважліва вывучыць сайт самога выдання. «Клоны не грэбуюць публікаваць артыкулы на шырокае кола тэм, нягледзячы на звычайна строгую тэматычную арыентаванасць кожнага навуковага часопіса. Таксама варта звярнуць увагу на граматычныя памылкі, інфармацыю аб рэдакцыйным Савеце, якасць артыкулаў і частату новых выпускаў — іх багацце можа сведчыць аб адсутнасці якаснага рэцэнзавання», — канстатаваў Уладзімір Кулажэнка.
На дадзены момант БДУ прымае меры па ліквідацыі клона — падрыхтаваны звароты ў шэраг навуковых арганізацый і структур, адказных за вядзенне спецыялізаваных спісаў і рэестраў фэйкавых часопісаў.