На палях форуму ўчора Аляксандр Турчын сустрэўся з кіраўніком урада Расіі Міхаілам Мішусціным. Ён падзякаваў свайму расійскаму калегу за запрашэнне прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі. Беларускі Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што эканоміка Расіі дэманструе ўстойлівасць, якія б цяжкасці ні былі.
Міхаіл Мішусцін папрасіў Аляксандра Турчына перадаць самыя добрыя словы ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і сябе асабіста Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
На сустрэчы Міхаіл Мішусцін падкрэсліў, што яны знаходзяцца з Аляксандрам Турчыным у пастаянным кантакце. «Толькі за апошнія пару тыдняў размаўлялі некалькі разоў. І на ўзроўні ўрада, на мой погляд, наладжана сістэмная работа па выкананні рашэнняў, прынятых нашымі лідарамі, якая ў першую чаргу пабудавана на асноўных напрамках рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады», — адзначыў ён.
«Нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск з боку краін калектыўнага Захаду, наша эканамічнае супрацоўніцтва працягвае ўмацоўвацца», — падкрэсліў старшыня ўрада РФ.
Аляксандр Турчын у сваю чаргу адзначыў, што шматлікія кантакты на розных узроўнях станоўча ўплываюць на вынікі супрацоўніцтва. «Магу канстатаваць, што інтэнсіўнасць і плённасць нашай работы задавальняе ў поўным аб’ёме», — сказаў беларускі Прэм’ер.
Як звярнуў увагу Міхаіл Мішусцін, ужо звыш 90 % разлікаў мы вядзём у нацыянальных валютах. «Усё гэта дапамагае нам абараніць наш гандаль, інвестыцыі ад негатыўнай знешняй кан’юнктуры. Ну і, што вельмі важна, я тут хачу вам падзякаваць: мы ўдзяляем прыярытэтную ўвагу развіццю прамысловай кааперацыі нашых краін і прамысловай палітыцы Саюзнай дзяржавы. Паставілі знак роўнасці паміж паняццямі расійская і беларуская прадукцыі», — дадаў кіраўнік расійскага ўрада.
На сустрэчы былі абазначаны пытанні, актуальныя на сённяшні дзень. У прыватнасці, прэм’еры адзначылі неабходнасць актывізаваць лічбавы парадак дня.
Тым часам
У Горна-Алтайску на палях Міжнароднай экалагічнай канферэнцыі прайшлі таксама перагаворы беларускай і расійскай дэлегацый, дзе асноўнай тэмай абмеркавання сталі пытанні фінансавання нафтаперапрацоўкі.
Як пракаментаваў журналістам міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў, на сустрэчы з расійскімі калегамі абмяркоўваўся самы шырокі спектр тэм, у тым ліку прыцягненне фінансавання, рэфінансаванне старых даўгоў, прыцягненне грашовых сродкаў як на інвестыцыйныя праекты, так і на якое-небудзь незвязанае фінансаванне.
«Вядома, гэта магчымасць сустрэцца, абмеркаваць, зверыць пазіцыі, таму што мы, і не толькі на такіх пляцоўках, увесь час цесна працуем, узаемадзейнічаем. І вось, скажам, у гэтай рабоце вочна сустрэцца, падвесці вынік, магчыма, разгледзець праекты нейкіх дакументаў, вядома, гэта вельмі добра і зручна», — адзначыў міністр фінансаў важнасць сустрэчы, якая адбылася.
«Вы ведаеце, сёння ў топе пытанні фінансавання нафтаперапрацоўкі, прыцягнення грашовых сродкаў у бюджэт. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем па фінансаванні як інвестыцыйных праектаў, так і прамога фінансавання. Вось гэтыя пытанні якраз і абмяркоўваюцца», — акрэсліў асноўную тэматыку размовы Юрый Селівёрстаў.