Top.Mail.Ru

Пра што гаварылі жыхары Ліды з Маратам Маркавым?

Папулярнасць беларускага кіно, сацсеткі і штучны інтэлект

Каля 440 удзельнікаў сабраў рэспубліканскі інфармацыйна-асветніцкі праект «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы» з міністрам культуры Маратам Маркавым у Лідзе, перадае БелТА.

Каля дзвюх гадзін доўжылася адкрытая размова лідчан, прадстаўнікоў розных пакаленняў і сфер, з Маратам Маркавым. Фармат сустрэчы — максімальна адкрыты дыялог.

Як адзначыў у пачатку сустрэчы міністр, сёння 1,5 млрд адзінак фэйкавых навін кожны дзень выкідваецца ў інфармацыйную прастору. «І часцяком мы становімся спажыўцамі гэтых навін. Больш за тое, мы пачынаем іх абмяркоўваць, мы пачынаем на іх засноўваць нашы дзеянні, думкі, спрабуем іх навязваць камусьці іншаму і лічым, што гэта праўда, — адзначыў Марат Маркаў. — Вы яшчэ літаральна некалькі гадоў таму, калі шукалі, умоўна, інфармацыю ў Інтэрнэце, атрымлівалі дзясяткі і сотні сініх спасылак, на якія заходзілі і атрымлівалі інфармацыю, якая вам патрэбна. Вы бачылі, хто гэту спасылку апублікаваў, чыя гэта інфармацыя канкрэтна, і, натуральна, зыходзячы з уласнага вопыту, прымалі рашэнне, давяраць гэтай інфармацыі ці не давяраць. А цяпер, калі вы заганяеце запыт, то адразу атрымліваеце гатовы адказ. Вам гэты адказ далі». Ён падкрэсліў, што, паводле статыстыкі, 69 % карыстальнікаў не правяраюць інфармацыю, якую ім выдаў штучны інтэлект у пошукавіку.

Пытанні лідчан датычыліся і інфармацыйных тэхналогій, і музычных праектаў, і беларускага кіно. Цікавіліся ў Марата Маркава і тым, якім чынам ён выбірае герояў для сваёй тэлевізійнай праграмы, якія яго любімыя інфармацыйныя рэсурсы.

Жыхарка Ліды Настасся задала пытанне, як Міністэрства культуры плануе выкарыстаць для папулярызацыі гістарычнай памяці, мастацтва інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект. «І ці не перажываеце вы, што гэтыя тэхналогіі з часам пачнуць выцясняць жывых людзей?» — спытала яна. Міністр перакананы, што чалавек будзе запатрабаваны заўсёды, асабліва прафесійна падрыхтаваны. «Так, некаторыя віды работ ужо сёння можна выконваць выключна з дапамогай штучнага інтэлекту, — сказаў Марат Маркаў. — Тэхналогія дапамагае, але ўсё роўна трэба пераправяраць тое, што ШІ робіць. Мозг чалавека ён не заменіць сёння ніяк». Аднак у будучыні шэраг прафесій ШІ заменіць.

Лідчанка Ганна пацікавілася развіццём інфраструктуры, а таксама планамі па далейшай рэстаўрацыі Гальшанскага і Крэўскага замкаў. Як адзначыў Марат Маркаў, гэта пытанне складанае. У Беларусі больш за 5,6 тыс. гісторыка-культурных каштоўнасцяў. «Названыя каштоўнасці адносяцца да нулявой катэгорыі, гэта значыць самай высокай, якую нам трэба не проста аднаўляць, а сапраўды выкарыстоўваць. Цяпер вельмі модным стала паняцце крэатыўнай індустрыі, калі культура павінна не спажываць, а зарабляць. Гэта цяпер рэальнасць, і многія ў гэтым кірунку прыкладаюць намаганні. Але зразумела, што аднаўленне замкаў — гэта сапраўды вельмі затратная рэч», — сказаў Марат Маркаў, дадаўшы, што ў гэтым працэсе маса нюансаў, бо нельга пры рэканструкцыі любога гістарычнага аб’екта адыходзіць ад тэхналогій, якія маюць на ўвазе выкарыстанне тых жа матэрыялаў, што і непасрэдна пры будаўніцтве.

«Нельга сказаць, што замкі, якія вы пазначылі, як і некаторыя іншыя, якія знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі ўжо гадамі, што там работа не вядзецца і не фінансуецца. Гэтыя замкі, як і Навагрудскі, прыкладна за апошнія 10 гадоў атрымалі фінансаванне менавіта на аднаўленне каля $6-10 млн у пераліку, — сказаў эксперт. — Па-першае, гэта працяглы прамежак часу, а, па-другое, ёсць такое паняцце „пускавыя чэргі“. Гэта значыць працэс аднаўлення любога аб’екта, асабліва гісторыка-культурнага, мае на ўвазе этапнасць». Марат Маркаў адзначыў, што падрыхтуе для Ганны больш прадметны адказ праз дзень, і прапанаваў патэлефанаваць яму.

Надзея, уладальніца студыі прыгажосці з Ліды, спытала, ці вядзе Міністэрства культуры работу па стварэнні культурна-адукацыйных праграм для моладзі, дзе б іх навучалі культуры побыту, эстэтыцы адзення, правілам этыкету і псіхалогіі зносін. «На жаль, не. Менавіта мэтанакіраванай работы ў такім разрэзе, як вы пазначылі, каб мы сёння глыбока над імі працавалі, прызнаю, гэтага няма ў дастатковай ступені», — сказаў Марат Маркаў. Ён звярнуў увагу, што міністэрства выступала заказчыкам і фінансавала стварэнне мастацкіх фільмаў, анімацыі, ёсць на ТБ рубрыкі і блокі ў розных праграмах, якія часткова закранаюць гэтыя тэмы. Пры гэтым міністр пазначыў, што для сацсетак рыхтуецца і тэлевізійны кантэнт, разлічаны на моладзь і дзіцячую аўдыторыю.

«Якія крокі Міністэрства культуры робіць для таго, каб наша роднае беларускае кіно стала папулярным?» — спытала лідчанка Таццяна. «Праблема існуе, гэта праўда, — сказаў Марат Маркаў. — Раней выпускалася ад 15 да 20 карцін у год, уключаючы мультфільмы, „Беларусьфільма“. Цяпер робіцца прыкладна столькі ж. Праблема толькі ў тым, што тады пра іх ведала ўся краіна, бо яны сапраўды якасныя былі, прафесійна зробленыя». Ён адзначыў, што сёння важным пытаннем з’яўляецца прасоўванне кінакарцін: «Кінапракатчыкі абавязаны даведацца пра фільм яшчэ на стадыі сцэнарыя». Таксама, па словах Марата Маркава, важна прыцягваць да працэсу стварэння і прадзюсавання беларускага кіно прыватныя інвестыцыі, як і ў іншых краінах. 

Магчымасцю блакірвання шэрагу сацыяльных сетак, YouTube у Беларусі пацікавіўся работнік лакаматыўнага дэпо Антон Філатаў. «Ёсць паняцце экстрэмісцкіх каналаў, і ў нас у краіне каля 30 тыс. заблакіраваных інтэрнэт-рэсурсаў. Прычым пераважная большасць з іх — гэта рэсурсы, якія прапагандуюць гвалт, продаж наркотыкаў, рознага роду вычварэнствы і гэтак далей. Гэта не палітычныя рэсурсы, палітычных там з гулькін нос. Я займаўся гэтай праблемай два гады, — сказаў Марат Маркаў. — Калі нейкая з сацсетак пачне паводзіць сябе выключна як экстрэмісцкі канал, увальваючы велізарную колькасць спецыяльна створаных відэа, навінавых матэрыялаў і гэтак далей для таго, каб расхістаць сітуацыю ў краіне, прыйдзецца прымаць рашэнне хутка і досыць жорстка. Зразумела, што гэта рашэнне будзе прымаць не Міністэрства культуры. Але мая пазіцыя ў тым, што не трэба падстаўляць шчаку другую, калі цябе ўдарылі па першай». Паводле яго слоў, сёння крытычнай пагрозы ад сацыяльных сетак і YouTube няма, асабліва з улікам таго, што дзяржава даволі актыўна выкарыстоўвае іх як інструмент.

Жыхарка Ліды Алена спытала ў Марата Маркава аб рэканструкцыі Нацыянальнага музея Беларусі. «Скончаны асноўныя будаўнічыя работы. Яшчэ ідзе акультурванне тэрыторыі, унутры яшчэ будуць устаноўлены асобныя элементы на тэрыторыі. Але казаць аб яго адкрыцці ў бліжэйшы час нельга, ды і няправільна. Бо асноўнае — гэта не сцены, а экспазіцыя, — сказаў ён, падкрэсліўшы важнасць грунтоўнага падыходу да дэталяў. — Дастаткова аднаго ляпа, каб сапсаваць усё ўражанне». Эксперт звярнуў увагу, што ў працэсе стварэння экспазіцый важна выверыць кожную літару, праверыць усё.

Па завяршэнні мерапрыемства Марат Маркаў адзначыў: яго парадавала, што ўсе агучаныя пытанні былі дастаткова жыццёвымі. «Гэта былі пытанні не столькі пра палітыку, колькі пра сацыяльныя сеткі, культуру, кінематограф», — сказаў ён. Міністр культуры дадаў, што будзе магчымасць яшчэ і асабістай сувязі з асобнымі людзьмі, якія задалі зусім канкрэтныя пытанні.

Таксама былі пытанні пасля сустрэчы. «Гэта былі пытанні больш асабістага характару і, натуральна, там, дзе ёсць магчымасць міністэрству дапамагчы, мы будзем дапамагаць, таму што яны ўсе знаходзяцца ў рамках закона. Калі людзі дзякуюць за сустрэчу і калі сапраўды дастаткова жывыя зносіны, калі бачыш вочы людзей, на мой погляд, разумееш, што нездарма сюды прыехаў», — дапоўніў Марат Маркаў, падкрэсліўшы, што такія сустрэчы ў рэгіёнах працягнуцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю