Чым бліжэй дата 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай, тым больш з’яўляецца гістарычных праектаў і кніг, некаторыя маюць выключнае значэнне для дзяржавы. На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прадставілі кнігі «Без тэрміну даўнасці. Беларусь. Злачынствы нацыстаў і іх саўдзельнікаў супраць мірнага насельніцтва на тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны». Адзін са зборнікаў прысвечаны Мінскай вобласці, другі — Беларусі ў цэлым. Але абодва — як агульны дакумент, які пацвярджае злачынствы, учыненыя на тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адзін са складальнікаў зборнікаў, якія выйшлі ў выдавецтве «Беларусь», намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Беларусі Святаслаў Кулінок на прэзентацыі распавёў:
— У абагульняючае выданне «Без тэрміна даўнасці. Беларусь» увайшло больш як 180 дакументаў з архіваў чатырох краін: Беларусі, Расіі, Германіі і ЗША. Тут прадстаўлены дакументы як з савецкага боку, так і з боку праціўніка. Кніга паказвае факты генацыду — мэтанакіраванага знішчэння беларускага народа.
Дакументы сведчаць, што ўжо на другім і трэцім тыднях вайны пачаліся шматтысячныя масавыя знішчэнні грамадзянскага насельніцтва, у той час яшчэ не было размовы аб партызанскім руху: першыя атрады толькі ствараюцца, яны разрозненыя, немагчыма спасылацца на тое, што жорсткасць акупантаў была рэакцыяй на рух супраціўлення. Больш таго, некаторыя нямецкія гісторыкі казалі аб тым, што палітыка знішчэння цывільнага насельніцтва, савецкіх ваеннапалонных — гэта не тое, да чаго прыйшла нацысцкая Германія ў працэсе вайны, гэта тое, з чым яна ўступіла ў вайну. Значыць, быў намер — а гэта ключавы паказчык, які вызначае генацыд.
— Зборнік дакументаў — даволі спецыфічны від выдання, але ў ім ёсць вялікая перавага: гэта вельмі пераканаўчая кніга. Тут няма аўтарскіх здагадак, нейкіх гіпотэз. Толькі архіўныя дакументы, якія фіксуюць канкрэтныя факты, — падкрэсліў Святаслаў Кулінок. — Менавіта гэты фармат найбольш пераканаўчы з пункту гледжання доказнай базы таго, што тут адбывалася.
Напрыклад, карная аперацыя «Зімовае чараўніцтва» разгарнулася ў лютым-сакавіку 1943 года на поўначы Беларусі, цяпер Верхнядзвінскі раён. Па нямецкіх дакументах у выніку было знішчана каля 10 000 тысяч чалавек, фактычна засталася выпаленая зямля на 40 кіламетраў. Страты партызан менш за 100 чалавек. Карная аперацыя «Корпус» прайшла на Міншчыне ў красавіку—маі 1943 года (Барысаўска-Бягомльская партызанская зона). Паводле нямецкіх дакументаў, падчас яе было знішчана амаль 5000 «бандытаў» і тых, хто спачувае ім, пры гэтым трафеі склалі ўсяго 400 вінтовак. Зразумела, што актыўна знішчалася цывільнае насельніцтва.
— Менавіта архіўныя дакументы з’яўляюцца асновай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якая расследуецца ў нас у краіне. Многія з тых, што апублікаваны, упершыню ўводзяцца ў навуковае абарачэнне, — падкрэсліў Святаслаў Кулінок. — Архіўныя дакументы з’яўляюцца і падмуркам захавання гістарычнай праўды ды гістарычнай памяці аб тых страшных, але разам з тым гераічных падзеях. Страты беларускага народа ў той вайне — кожны трэці. Але разам з тым кожны трэці — герой, які аддаў самае дарагое, што ў яго было, — жыццё, ці то на фронце, ці то ў падполлі, у партызанскіх лясах, у лагерах смерці... Альбо калі знясілены стаяў ля станка, працуючы ў некалькі змен дзеля фронту і перамогі. Мы краіна-пераможца, у нас гераічны, мужны народ, які на сваіх плячах вынес цяжар акупацыі і не дазволіў сябе парабаціць.