Сакрэты поспеху артыста, вынікі конкурсу, псіхалогія і мода.
— Выканаўцаў сёння шмат, яны рознага ўзроўню і накірункаў, кожны са сваім падыходам да творчасці. Мы творым для слухача. У сінэргіі нашага ўзаемадзеяння з аўдыторыяй і схаваны поспех, — лічыць Ганна Трубяцкая.
Гераіня адзначыла, што артыста не варта лічыць ідэальным: «Мы ствараем прыгожы прадукт, жадаючы, каб на нашым канцэрце людзі пражывалі выдатныя моманты. Але, спускаючыся потым са сцэны, мы таксама адчуваем стомленасць... Гэта закуліссе, дзе я нічым не адрозніваюся ад іншых беларускіх жанчын».
«Пачынаецца ўсё з любві»
З ліпеньскага нумара чытачы даведаюцца, хто перамог у літаратурным конкурсе «Пачынаецца ўсё з любві», аб’яўленым рэдакцыяй часопіса «Алеся». Вызначаны лідары ў намінацыях «Найлепшы паэтычны твор» і «Найлепшы празаічны твор». Публікуюцца творы пераможцаў, уганараваных першым месцам у абедзвюх намінацыях. Разам з намі вы можаце пераканацца ў тым, што сярод нашых чытачоў шмат талентаў.
«У той грозны час»
«Алеся» працягвае праект «Перамога ў нашых сэрцах», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Усё далей у гісторыю адыходзіць дата 3 ліпеня 1944 года. У вас будзе магчымасць разам з журналістам «Алесі» пагартаць архіўныя падшыўкі і даведацца, пра што пісаў жаночы часопіс у гады юбілеяў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Акорд без фальшывых нот
Такім было жыццё Тамары Мікалаеўны Дудко. Менавіта з яе пачалася гісторыя станаўлення жаночых ініцыятыў у Беларусі. У чэрвені гэтага года першаму старшыні Беларускага саюза жанчын споўнілася б 80 гадоў. Яна стаяла ля вытокаў гэтага грамадскага аб’яднання. На старонках часопіса — успаміны пра выбітную жанчыну, пра ідэі, акцыі, ініцыятывы, праграмы, якія яна падтрымала і тым дала ім доўгае, паўнавартаснае жыццё.
Калі ўзрост не перашкода
На пенсіі жанчына нарэшце належыць сабе, а значыць, прыйшоў час рэалізаваць мары. А якая з нас не марыць знайсці ўласны стыль і захапляцца сваім адбіткам у люстэрку? Каб дапамагаць жанчынам элегантнага ўзросту заставацца прыгожымі і не губляць цікавасці да жыцця, Ларыса Главацкіх стварыла ў Мінску студыю мадэлінгу «Новая Я». Хто наведвае студыю і чаму ад жадаючых у ёй займацца няма адбою — даведаецеся з нашай публікацыі.
Палеская веда
Багацце экспазіцыі Мазырскага краязнаўчага музея «Палеская веда» — вынік шматлікіх этнаграфічных экспедыцый яго супрацоўнікаў. Яны сцвярджаюць, што старажытныя веды, абрады, традыцыі і сёння захаваліся ў некаторых невялікіх вёсках нашай краіны. Гэтая жывая скарбніца здольна расказаць сучаснікам пра тое, як, прыкладам, на Палессі выбіралі спадарожнікаў жыцця, якімі рытуаламі суправаджалі нараджэнне дзіцяці, якое адзенне ў якіх сітуацыях насілі. А яшчэ вам цікава будзе даведацца пра веру нашых продкаў у ведзьмакоў і ў іншы свет.
Спорт, псіхалогія, мода
У ліпеньскім нумары чытайце таксама пра тое, як пасябраваць з бегам на доўгія гады, як перамагчы ляноту і што дапаможа выбудаваць адносіны з мамай свайго спадарожніка жыцця. А ўсім, хто хоча ісці ў нагу з модай, часопіс параіць, як упрыгожыць сумку, распавядзе, каму варта выбраць штаны-аладзіны і як правільна насіць ірваны дэнім.
Заставайцеся з «Алесяй»!
Вольга Аляксандрава