Знайсці свае кропкі апоры і натхнення
У свежым нумары часопіса «Алеся» — яркія сустрэчы і знаёмствы з сапраўднымі героямі, шмат карысных і цікавых парад і падказак. Таксама вас чакаюць гараскоп, жаночая гісторыя і шмат ідэй, як дадаць вашаму жыццю і настрою новых фарбаў.
Сапраўдная раскоша — быць сабой
І гэта не адзіная карысная выснова, да якой мы прыйшлі падчас размовы з гераіняй рубрыкі «Персона» — тэлевядучай, намеснікам дырэктара «Першы інфармацыйны» Вікторыяй Сянкевіч. Гаварылі не толькі аб прафесіі і дасягненнях на тэлебачанні, але і пра ўменне атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення жыцця, аб эфектыўнасці малых крокаў для вялікіх мэт, а таксама аб тым, як раскрываецца асоба чалавека ў самых непрадбачаных умовах. «Я стараюся ніколі не ставіць сабе задач кшталту „стаць лепей“, „стаць больш дасканалай“, таму што ўпэўнена, што кожны чалавек цудоўны і яго не патрэбна дапрацоўваць», — дзеліцца Вікторыя. Яшчэ больш яе цікавых думак чытачы знойдуць у нашым інтэрв’ю.
Змяніўся свет ці мы?
Адказ знойдзем у рубрыцы «Жанчына года», дзе знаёмім вас з настаўніцай пачатковых класаў сталічнай школы № 199, пераможцай конкурсу «Жанчына года —2025» у намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» Вольгай Дуброўскай. Яе меркаванне пра якасць беларускай адукацыі, прэстыж прафесіі настаўніка і адказнасць за справу, якой прысвячаеш сябе, дае падставу верыць, што нашы дзеці — у надзейных руках, калі ім шчасціць трапіць да такога педагога. Прачытайце, і самі ў гэтым пераканаецеся.
Смак з дзяцінства
Пра тое, як ператварыць кулінарыю ў філасофію жыцця, даведаліся ў шэф-кухара з міжнародным імем, пераможцы «Бітвы шэфаў» Ксеніі Чылікінай. Яна распавяла, як вызначыць прафесіянала на кухні і што робіць страву смачнай, як у гэтым дапамагае назіральнасць, а таксама ці шмат агульнага ў музыкі і гатавання ежы.
Гаючая сіла любові
Як яе разгледзець і прымножыць дзеля таго, каб зрабіць жыццё іншых па-сапраўднаму глыбокім і асэнсаваным — высвятляем разам з героем рубрыкі «Шукайце мужчыну», шматдзетным татам Дзмітрыем Логвінавым. Што дапамагло яму прыняць важныя рашэнні ў жыцці і выбудаваць адносіны са сваімі дзецьмі, у чым ён знаходзіць апору і сэнс для кожнага дня і якая роля ва ўсім гэтым адводзіцца веры — пра гэта і многае іншае Дзмітрый Анатольевіч расказаў нашаму карэспандэнту.
Новыя стравы, вобразы і адценні
Акрамя гэтага ў нашых пастаянных рубрыках зноў даследуем важныя і актуальныя тэмы. Напрыклад, раскажам, чым карысныя дзікаросы, як стаць экстравагантнай гаспадыняй пры дапамозе лебяды і колькі вітамінаў можна знайсці ў дзьмухаўцы. Пра апошнія трэнды мэйкапа з сусветных подыумаў расказвае аднайменная рубрыка. Падказкі, якія акцэнты выдатна ўпішуцца ў стыль кожнай модніцы і як набываюць новае гучанне звыклыя рэчы, шукайце ў матэрыялах рубрыкі «Стыль».
Маршрут пабудаваны
Яшчэ карысна зазірнуць у наш «Бацькоўскі чат», дзе абмяркоўваем, колькі сёлета каштуе летні лагер для дзіцяці і якія варыянты ёсць для аздараўлення. Раім звярнуць увагу на матэрыял пра ўплыў штучнага інтэлекту на эмацыянальны стан нашых сучаснікаў. Пасля ўжо самі вырашайце, у чыёй кампаніі вам больш камфортна быць і чым там можаце дзяліцца...
Заставайцеся з «Алесяй»! З намі заўсёды цікава!
Алена ВАСІЛЬЕВА