Top.Mail.Ru

Пра што раскажа «Алеся» ў сакавіку?

З прыходам вясны ўсе мы маем шанц пачаць жыццё наноў. У чарговым нумары часопіса «Алеся» даследуем, дзе знайсці натхненне, як палепшыць здароўе і пры гэтым захаваць раўнавагу ўнутры сябе і навокал.


Натхненне і радасць можна адшукаць ва ўсім

Госцяй нумара гэтым разам стала прыма Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец. У размове з ёй паразважалі і пра мастацтва, і як змяняецца погляд на прафесію ў балеце, што важна ў выхаванні маладога пакалення, а таксама пра тое, як змяняе жанчыну сям’я і каханне.

Нюансы ўспрымання жыцця на слых

У рубрыцы «Адна на мільён» знаёмім з загадчыцай аддзялення функцыянальнай дыягностыкі РНПЦ оталарынгалогіі Наталляй Сіняковай, якая прадстаўляе вузкую ў сваёй прафесіі спецыялізацыю — аўдыялогію. Даведаемся, як праводзяць дыягностыку гэтыя спецыялісты, ці часта беларусы маюць праблемы са слыхам і што ўсе мы можам зрабіць, каб папярэдзіць некаторыя праблемы ў гэтай вобласці.

Як перамагчы боль?

Адказ на гэта пытанне шукаюць у тым ліку і беларускія вучоныя. Аб тым, куды спецыялісты скіроўваюцца сёння ў сваіх распрацоўках, якой бачаць перспектыву сваіх даследаванняў і дасягненняў, расказвае чытачам загадчык Цэнтра вывучэння болю Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Ірына Жаваранак.

Спорт у зручным фармаце

Калі ўжо задумваецеся, як прыйсці ў жаданую форму перад летнім адпачынкам, то прапаноўваем звярнуць увагу на скандынаўскую хадзьбу. Чаму сёння гэтай актыўнасці аддаюць перавагу людзі самых розных узростаў, як яна ўплывае на аздараўленне чалавечага арганізма і як правільна набыць для яе інвентар, — чытайце ў нашым матэрыяле.

Код знешняй прыгажосці

Раскрываем яго ў рубрыцы «Люстэрка», дзе расказваем пра тое, як аднавіць эпідэрмальны бар’ер пасля зімовага перыяду. Спрабуем даведацца, у чым перавагі «экалагічнага» падыходу да знешнасці, падказваем, якія складнікі абавязкова павінны прысутнічаць у вашай касметыцы гэтай вясной.
Можна падумаць і пра перазагрузку гардэроба. Падказкі, на што звярнуць увагу ў гэтым працэсе і да чаго прыгледзецца падчас шопінгу, даём у рубрыках «Дрэс-код» і «Стыль».

Штрыхі да партрэта

Сапраўднага мужчыну дакладна ўбачаць чытачы матэрыялу рубрыкі «Мужчынскі погляд». Яе герой — Аляксей Ларчанка, бацька траіх дзяцей, расказвае, як справіцца з жыццёвымі прагнозамі, нават калі яны не самыя аптымістычныя. Ён сапраўды прыклад таго, як бацькоўства і адказнасць упрыгожваюць асобу, узбагачаюць кожнага з нас каштоўным вопытам.

Псіхолагі раяць

Правілы асэнсаванага ўспрымання рэчаіснасці і выбудоўвання ўзаемаадносін з сабой і сваім партнёрам (у прыватнасці, калі ён, напрыклад, ужо быў жанаты раней) мы таксама падрыхтавалі для вас у чарговым нумары нашага часопіса.
Не прапусціце новы нумар у продажы і заставайцеся з «Алесяй»! З намі карысна і цікава!

Алена ВАСІЛЬЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю