«Жаночае сэрца можа ўмясціць у сябе і чужыя беды»
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка фарміруе грамадскае меркаванне, то бок наўпрост уплывае на жыццёвыя прыярытэты амаль мільёна жыхароў яе роднай вобласці. У гутарцы з «Алесяй» Кацярына Анатольеўна распавяла пра галоўнае ў працы ідэолага, пра удзел у справах БСЖ, сакрэты сямейнай гармоніі і дабрыню як «генетычны код» беларусак.

— Паглядзіце, колькі ў нас дамоў сямейнага тыпу, колькі жанчын далі дзецям магчымасць мець сям’ю! Жаночае сэрца настолькі вялікае, што можа ўмясціць у сябе і чужыя беды. І гэта не ахвяра, гэта сутнасць нашай беларускай жанчыны: быць побач, дапамагчы, накрыць крылом, зберагчы ад нягод, — упэўнена Кацярына Музычэнка.
Гераіні Вялікай Айчыннай
«Алеся» працягвае праект «Перамога ў нашых сэрцах». Жанчыны-снайперы, сувязісткі, танкісты, медыцынскія сёстры Чырвонай арміі, партызанкі... Многія з тых адважных дачок свайго народа не дажылі да Перамогі. Пра іх расказваецца ў кнізе-фотаальбоме «Мы пераможам! Савецкая жанчына ў Айчыннай вайне», выдадзенай у 1943 годзе ў Маскве. З унікальным выданнем знаёміць намеснік загадчыцы аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Іна Байдакова.
Жанчыны, чые подзвігі назаўсёды засталіся ў памяці нашчадкаў, — танкіст Марыя Акцябрская, снайпер Людміла Паўлічэнка, медсястра Ніна Курганава і іншыя гераіні фотаальбома, які лёг у аснову праекта «Мы перамаглі!» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі і аб’яднаўшага арыгінальныя выданні, выпушчаныя ў СССР у перыяд з 1942 па 1945 гады.
Прызначэнне — ствараць гармонію
Аднойчы пачуўшы народны хор, Надзея Брылёва была ўзрушана сілай і прыгажосцю гучання. Таму напрамкам сваёй вакальнай творчасці абрала аўтэнтычную песню. Працуючы ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка», малады педагог стварыла вакальны фальклорны ансамбль «Весянчук». Надзея прызнаецца, што далучэнне да традыцыйнай культуры змяніла яе як асобу.
— Я адчула гонар за сваю краіну. Наша культура — найбагацейшая, і народныя песні — яе частка. Узмацнілася мая сувязь са сваім родам, я стала больш тонка ўспрымаць свет і выяўляць эмоцыі. Заўважаю гэта і па вучнях: дакрананне да каранёў робіць іх больш гарманічнымі. Імкнуся не толькі даць ім музычнае развіццё, навучыць выканальніцкаму майстэрству, але і выхаваць правільныя каштоўнасці, здаўна ўласцівыя беларусам. Таму перамога ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2024» у намінацыі «Духоўнасць і культура» для мяне вялікая радасць, але і не меншая адказнасць: як педагог, прыкладу ўсе намаганні, каб мае вучні выраслі дастойнымі грамадзянамі Беларусі, — кажа Надзея Брылёва.
Што есці, каб не старэць?
Пра тое, як пражыць як мага даўжэй, захаваўшы жывы розум, здаровыя сэрца і суставы, расказала журналісту «Алесі» ўрач-дыетолаг Марыя Літвінава.
— Пры любым стане здароўя правільны рацыён людзей старэй 55 гадоў — гэта доўгія ўгляводы і карысныя алеі пры зніжэнні жывёльнага тлушчу і цукру, — раіць дыетолаг. — Харчаванне не павінна быць вегетарыянскім, але ўпор усё ж варта рабіць на раслінны бялок і раслінныя тлушчы.
А яшчэ абавязковай умовай здаровага ладу жыцця ў сталым узросце Марыя Літвінава называе фізічную актыўнасць. «Нельга, выйшаўшы на пенсію, проста легчы ля тэлевізара. Такія паводзіны запускаюць паскоранае старэнне», — папярэджвае ўрач.
Як атрымаць асалоду ад лета?
Збіраецеся ў адпачынак? Сонца маніць, а фантазія ўжо малюе марскія пейзажы? Пляжная мода ў 2025 годзе — не проста функцыянальнасць, а заява пра стыль і магчымасць падкрэсліць індывідуальнасць. «Алеся» расказвае, які купальнік стане вашым верным спадарожнікам гэтым летам.
Калі адзенне — «страва», то ўпрыгажэнні — тыя самыя «спецыі», якія робяць яго непаўторным. З чэрвеньскага нумара часопіса вы даведаецеся, якія ўпрыгажэнні ў трэндзе ў гэтым сезоне і як з іх дапамогай стварыць цікавы і запамінальны вобраз.
Не засталіся без увагі і актуальныя тэндэнцыі ў выбары абутку: «Алеся» расказвае пра 7 галоўных мадэлей лета, якія дапамогуць вам адчуваць сябе прывабнай.
Адпачынак, псіхалогія і выхаванне
«Алеся» параіць, як паўнавартасна адпачыць і стаць больш адукаванай і рознабаковай асобай — на гэта ў першую чаргу накіраваны новыя турыстычныя прадукты, распрацаваныя айчыннымі тураператарамі.
З чэрвеньскага нумара вы даведаецеся, чым тлумачыцца эйджызм і на якім этапе жыцця большасць людзей адчуваюць сябе шчаслівымі, дзе ў Мінску пашыць шыкоўную «сукенку мары», ці варта ствараць сям’ю з раўніўцам і як правільна паводзіць сябе бацькам, калі дзіця правінілася.
У традыцыйнай рубрыцы «На кухні» — пра тое, як зварыць з сезонных ягад смачнае варэнне. А дачнікі даведаюцца, як вырасціць экалагічна чыстую агародніну.
Заставайцеся з «Алесяй»! З намі цікава!
Алена ВАЛЕР’ЕВА