Top.Mail.Ru

Пра што раскажа часопіс «Алеся» ў лютым?

У межах новага праекта «Перамога ў нашых сэрцах», прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, часопіс «Алеся» сустрэнецца з дзеячамі культуры і адукацыі — пісьменнікамі, рэжысёрамі, мастакамі, педагогамі, музейнымі работнікамі, якія ў сваіх творах і праз прафесійную дзейнасць раскрываюць тэмы гістарычнай памяці, вялікага подзвігу нашага народа, што вызваліў свет ад карычневай чумы.


Першая гутарка — з пісьменніцай, філолагам, перакладчыцай, сцэнарыстам, старшым выкладчыкам педагогікі БДПУ імя М. Танка Валянцінай Драбышэўскай — аўтарам кнігі «Любіна сукенка», што нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». 
— Як настаўнік я аналізую ўспрыманне сучаснымі дзецьмі твораў пра Вялікую Айчынную вайну, — заўважае Валянціна Драбышэўская. — Яны 80 год жывуць пад мірным небам. На шчасце, гэтая тэма для іх — пра далёкае мінулае. Праз мастацкую літаратуру, праз блізкія дзецям вобразы мы зможам данесці да іх боль пакут, якія вынес наш народ, і выхаваць гонар за Вялікую Перамогу.

Шчасце тварыць

«Не стаяць на месцы, рухацца далей» — пад такім дэвізам жыве прыма-балерына, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова. На сцэне Вялікага тэатра яна бліскуча выступае больш за 15 гадоў. Абаянню, прафесіяналізму, таленту балерыны пакарыліся сцэны розных краін. 

Пра новыя праекты, у якіх брала ўдзел у апошні час, пра жаданне адкрываць сябе ў прафесіі з розных бакоў і шчырую ўдзячнасць гледачоў, якая натхняе на творчы рост, Людміла Хітрова распавяла чытачам «Алесі».

— Калі праз апладысменты, рэакцыю публікі табе старыцай вяртаецца энергія творчасці, якую ты хацеў данесці да сцэны, — гэта шчасце, — гаворыць артыстка. 


Урокі партугальскага 

Старшы выкладчык партугальскай мовы факультэта міжнародных адносін БДУ Таццяна Шарупіч — першая і пакуль адзіная беларуска, Указам Прэзідэнта Бразіліі ўзнагароджаная ордэнам Рыу-Бранку з прысуджэннем ступені «Камандор». Вось ужо 25 год яна працуе на кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці БДУ.

Большасць беларускіх спецыялістаў у розных сферах, якія валодаюць партугальскай мовай, — вучні Таццяны Сяргееўны.

Як яна імкнецца прывіваць студэнтам любоў да партугальскай мовы і цікавасць да тых краін, у якіх на ёй размаўляюць? Якія падарожжы, сустрэчы, праекты падарыла ёй самой партугальская мова? Чаму ёй ніколі не бывае сумна? Пра гэта журналіст «Алесі» даведалася ў Таццяны Шарупіч.

Навука — заўсёды пошук 

Сёлетняя цёплая зіма здзіўляе нават навукоўцаў. Якіх яшчэ сюрпрызаў чакаць ад прыроды ў бліжэйшыя гады? У чым асаблівасці працы гідраметэаролага? Ці магчыма жанчыне паспяхова сумяшчаць навуку і сям’ю? Пра гэта і не толькі чытач даведаецца з гутаркі з вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі кліматычных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, выкладчыкам факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, кандыдатам геаграфічных навук Ірынай Даніловіч.

— Прагназаваць надвор’е на два-тры гады наперад з дапамогай штучнага інтэлекту складана, — кажа Ірына Даніловіч. — Над гэтай тэмай мы ўжо два гады працуем у кааперацыі з вучонымі Расійскай Федэрацыі. Такія даследаванні дапамогуць у будучым загадзя ведаць пра метэаралагічныя катастрофы, каб падрыхтавацца да іх.

Як перажыць страту 

Смерць блізкага — гэта заўсёды велізарнае гора. Як пераадолець яго і пазбегнуць цяжкай дэпрэсіі, тлумачыць кандыдат псіхалагічных навук, загадчыца кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ ім. М. Танка Наталля Пузырэвіч.

  • У лютаўскім нумары часопіса «Алеся» спецыялісты распавядуць, чым карысная скандынаўская хада, як захаваць здаровымі суставы, каму паказана гірудатэрапія. Мы падкажам, як правільна абсталяваць хатні офіс, калі даводзіцца шмат працаваць дыстанцыйна. Вы даведаецеся, які колер абраны галоўным у гэтым годзе і якія асноўныя модныя трэнды нас чакаюць вясной і летам. Чытачоў «Алесі» таксама чакае знаёмства з апавяданнем Валянціны Быстрымовіч «Шаман новага пакалення».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю