Top.Mail.Ru

Пра што трэба памятаць, каб з летніх канікул нашы дзеці вярнуліся жывымі і здаровымі

Лета — час адпачынку, прыгод і... павышанай рызыкі

Летнія канікулы практычна пачаліся. У дзяцей з’явілася больш вольнага часу, у сувязі з чым павялічваецца рызыка не толькі бытавога, але і вулічнага траўматызму.

На жаль, сёння ў краіне складваецца негатыўная тэндэнцыя росту колькасці гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Пра гэта расказаў старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Раман СІДАРЭНКА. «За 5 месяцаў гэтага года загінулі 44 дзіцяці, летась за аналагічны перыяд — 42. Сярод асноўных прычын гібелі — дарожна-транспартныя здарэнні, утапленні і падзенні з вышыні, гібель падчас пажараў», — адзначыў старшы пракурор.

Раман Сідарэнка нагадаў, што ў большасці выпадкаў гібель дзяцей і цяжкае траўміраванне абумоўлена іх неасцярожнасцю і бестурботнасцю, невыкананнем правіл бяспекі, а таксама адсутнасцю належнага бацькоўскага кантролю за іх паводзінамі. Так, 10 мая гэтага года ў Смалявіцкім раёне з акна кватэры на пятым паверсе выпала дзіця 2020 года нараджэння. Яно атрымала шматлікія цялесныя пашкоджанні. Папярэдне было ўстаноўлена, што малое знаходзілася ў кватэры адно, глядзела тэлевізар, бабуля ў гэты час выйшла з кватэры да суседкі забраць тэлефон...

«За апошнія чатыры гады патанулі ўжо больш за 100 непаўналетніх. Асноўныя прычыны, якія спрыялі гібелі, — аслаблены бацькоўскі кантроль за іх месцазнаходжаннем, неналежная арганізацыя вольнага часу, няведанне, а часам і грэбаванне правіламі паводзін на вадзе, купанне ў забароненых месцах, дзіцячая неасцярожнасць і бестурботнасць падчас гульні каля вады», — падкрэсліў Раман Сідарэнка. Пры гэтым ён асобна звярнуў увагу старшыняў сельскіх выканкамаў, садовых таварыстваў на неабходнасць яшчэ раз пагутарыць з уладальнікамі ўчасткаў, на тэрыторыі якіх маюцца сажалкі, — каб да гэтых штучных вадаёмаў па максімуме быў забаронены доступ непаўналетнім.

Па-ранейшаму трывожнай застаецца статыстыка гібелі дзяцей у дарожна-транспартных здарэннях — сёлета за 5 месяцаў 

на дарозе загінулі 11 непаўналетніх. «Неабходна нагадаць дзецям правілы бяспечнага пераходу праезнай часткі, навучыць іх пераходзіць дарогу, пераканаўшыся, што вадзіцелі іх прапускаюць. Ні ў якім разе нельга набліжацца да дарогі ў навушніках або размаўляючы па тэлефоне. Не варта забываць падчас выкарыстання сродкаў індывідуальнай мабільнасці і аб базавых правілах бяспекі: надзяваць шлемы, накаленнікі, выконваць абмежаванне хуткасці», — адзначыў спікер.

«На жаль, са зводак не знікаюць здарэнні, якія звязаны з падзеннем са спартыўнага інвентару. Як правіла, гэта незамацаваныя футбольныя вароты, арэлі, горкі. Не варта таксама забываць аб будоўлях, пясчаных кар’ерах. Неабходна максімальна абмежаваць доступ да такіх месцаў непаўналетнім», — сказаў Раман Сідарэнка.

Існуюць выпадкі, калі траўмы непаўналетніх звязаныя з ужываннем алкаголю. «Бацькі, адпускаючы падлетка пераначаваць у сябра, нават не падазраюць аб тым, што там адбываецца насамрэч. Нярэдкія выпадкі, калі гэта заканчваецца трагедыяй: выскокванне з вокнаў, пераломы рук, рэбраў. Сёлета супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх ужо выяўлена больш за 250 дзяцей, якія знаходзіліся на 

165 „п’яных“ вечарынках і звыш 100 дарослых, якія разам з імі распівалі спіртныя напоі», — звярнуў увагу намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль ДЗЕМІДОВІЧ. 

Пытанні прафілактыкі гібелі і траўміравання непаўналетніх знаходзяцца на пастаянным кантролі зацікаўленых службаў. Але забеспячэнне бяспечнага знаходжання дзяцей дома і на адпачынку, стварэнне бяспечных умоў, а таксама навучання асноўным правілам бяспекі — задача не толькі дзяржавы. Бацькам неабходна быць апорай для дзяцей, часцей слухаць і імкнуцца разумець іх і як мінімум ведаць, дзе і чым яны займаюцца. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю