У ААТ «Баравое-2003» Дзяржынскага раёна сушылкі не сціхаюць ні на хвіліну. Збожжа з палёў цячэ ракой, камбайны не спыняюцца, а на зернетаку кіпіць жыццё. Жніво набірае абароты, і кожны ведае: упусціш гадзіну — страціш ураджай. Карэспандэнты «Звязды» правялі дзень у гаспадарцы, прычыніліся да сезонных сялянскіх клопатаў.
Малако экстра-класа — у кароў на языку
Галоўны аграном гаспадаркі, начальнік цэха раслінаводства Віктар Курыцкі знаёміць з гаспадаркай.
Спецыялізацыя «Баравога-2003» — малочная жывёлагадоўля. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае амаль 6 тысяч галоў. Каб пракарміць такую колькасць жывёлы, трэба нямала кармоў. І тут гаспадарка паспяхова спраўляецца.
— За нарыхтоўку кармоў мы ўжо апярэджваем мінулы год. У 2025-м на гэты час нарыхтавалі 15 тысяч тон сіласу, а ў гэтым — каля 20. Сена — 700 тон, а сёлета ўжо 1100. Трава ёсць, другі ўкос ідзе. Не будзе кармоў — не будзе нічога, — тлумачыць аграном.

Віктар Іосіфавіч расказаў, што малако з ААТ «Баравое-2003» пастаўляецца ў сталіцу, на 1-ы малочны камбінат. І ўвесь аб’ём — экстра-класам.
— 29 літраў на карову ў суткі — гэта сур’ёзны паказчык, — з гонарам гаворыць ён.
Гаспадарка традыцыйна вырошчвае цукровыя буракі і бульбу. Ну і, вядома, збожжавыя. На іх уборку мы і накіраваліся.
Пасля камбайна — прэс-падборшчык
Разам з Віктарам Курыцкім едзем у поле, што недалёка ад вёскі Вішнёўка, дзе гаспадарка ўбірае яравы ячмень. Убачылі, як працуе тэхніка для прэсавання саломы.
— Быў моцны вецер, вельмі палажыла пасевы, таму камбайны ідуць павольна, але стараемся ўсё ўбраць, усё падняць. Змагаемся за кожнае зярнятка, за кожны каласок, — расказвае галоўны аграном.
На полі працуе прэс-падборшчык у звязцы з трактарам. Салома, як тлумачыць Віктар Іосіфавіч, — не адходы, а каштоўная сыравіна. Яна ідзе на падсцілку жывёле, частка дадаецца ў корм.
— У гаспадарцы вялікая шчыльнасць пагалоўя — 100 галоў на 100 гектараў. Падсцілка патрэбна, каб жывёла была ў чысціні. Таму яна і не хварэе, — тлумачыць суразмоўнік. — Салому прэсуем практычна ўсю, нават рапсавую.
Як толькі поле ачысціцца ад саломы, яго будуць рыхтаваць пад азімую пшаніцу.
— Думаю, дні два — і мы цюкі звязём у стагі. Затым пройдзе дыскатар, унясём угнаенні, і можна будзе сеяць азімую пшаніцу, — расказвае планы Віктар Іосіфавіч. —
Чакаць восені не будзем.
Сямейныя экіпажы — гонар гаспадаркі
На ўборцы ў ААТ «Баравое-2003» занятыя дзесяць камбайнаў. На двух працуюць сямейныя экіпажы. Знаёмімся з камбайнерам Ігарам Досіным і яго 20-гадовым сынам Арцёмам, студэнтам, які летам вырашыў падзарабіць.
— Гэта наш сумесны ўжо не першы сезон. Арцёму падабаецца, ён разбіраецца ў тэхніцы. Мы ж у вёсцы жывём, усё разумеем, — расказвае з усмешкай бацька. — Гаспадарка выдзеліла нам новы беларускі камбайн.
Яшчэ адзін сямейны экіпаж — Сяргей Равінскі і яго дачка Алеся Ярэменка. Яны разам ужо шосты сезон. Дачка па прафесіі — паштальён. Бацька, Сяргей Міхайлавіч, працуе ў гаспадарцы з 1986 года, ужо на пенсіі, але і цяпер на камбайне — усяго каля 30 гадоў.
— Мне пашанцавала, што з татам. Ён падказвае, але ўжо большасць разбіраюся сама, — расказвае Алеся. — Гэта магчымасць падзарабіць і падтрымаць тату. Мне падабаецца сама ўборка, камбайн, усё гэта пакруціць, паглядзець. Гэта мая сфера, чакаю кожнага сезона.
Перавозка — адказнасць і рытм
Пакуль камбайны жнуць, збожжа з поля, што знаходзіцца за 35 кіламетраў ад цэнтра гаспадаркі, на зернесушыльны комплекс бесперапынна возяць машыны. Адзін з кіроўцаў — Леанід Трус. Мужчына жыве ў Дзяржынску, але кожны дзень прыязджае ў гаспадарку на працу.
— Калі надвор’е дазваляе, робім па пяць рэйсаў у дзень. Гэта амаль 500 кіламетраў, — расказвае Леанід Іванавіч. Яго МАЗ бярэ каля 12 тон збожжа за рэйс. — Самае складанае — праехаць, не рассыпаць, але мы старанна закрываем яго тэнтам.
У Леаніда Іванавіча трое дзяцей. Дачка Даша працуе таксама падчас уборачнай на зернетаку, скончыла 11 класаў і плануе паступаць у медыцынскі. У гаспадарцы дзяўчына дапамагае ўжо не першы год. Сын камбайнера Багдан паступіў у ваеннае вучылішча, а старэйшая дачка працуе ў Дзяржынску настаўніцай.
У гэтым сезоне ў гаспадарцы з’явілася новая тэхніка — бункер-перагрузчык зерня STS303В «Асілак» вытворчасці «Амкадор». За рулём трактара, які яго цягне, — Аляксей Лось, малады механізатар.
— Нядаўна набылі, выпрабоўваем у рабоце. Трактар МТЗ-3522 нагрузку адчувае, але ў прынцыпе працаваць можна, — кажа ён. Механізатар патлумачыў, што «Асілак» выкарыстоўваецца для прыёму збожжа з камбайнаў для далейшай яго транспарціроўкі да краю поля і перагрузкі ў аўтатранспарт. Грузападымальнасць агрэгата — 30 тон, кузаў пашыраны да 40 кубоў. Гэта дазваляе за адзін раз перагрузіць збожжа з чатырох бункераў.
Аляксей родам з Бабруйскага раёна, у гаспадарцы трэці год і ўпэўнены, што сельская гаспадарка — яго справа.
На зернетаку — кругласутачна
На пад’ездзе чуваць роўны гул сушылак. Свежае збожжа, якое толькі што прывезлі з поля, адразу трапляе на прыёмку, а потым — у сушылкі, каб набраць патрэбную кандыцыю. Тут, сярод насыпаных у гурты зярнят і машын, гаспадарыць загадчыца збожжаскладам Марына Быстрымовіч. Яна трымае руку на пульсе ўсіх працэсаў.
— Я працую ў гаспадарцы ўжо 42 гады. Пачынала аграномам, а цяпер, на перыяд уборкі, загадваю токам, — расказвае яна. — На дадзены момант мы ўбіраем яравы ячмень. Ураджайнасць у сярэднім па 58 цэнтнераў з гектара.
Ужо абмалацілі 380 гектараў. Азімы рапс сабралі — 47 цэнтнераў з гектара, прасушылі і здалі.
Сарты яравога ячменю, якія вырошчваюць у гаспадарцы, — «Ірына», «Літвін», новы сорт «Мустанг». Галоўная мэта — атрымаць піваварны ячмень, які адпавядае строгім патрабаванням.
— На «Белсолад» наша пастаўка — 550 тон. Мы ўжо зрабілі каля 150 тон. Важна, каб бялок быў не ніжэйшы за 12 %, а ўсходжасць насення — не менш за 90 %. Такі ячмень ідзе на вытворчасць беларускага піва, — тлумачыць Марына Казіміраўна.
Фуражнае зерне запасаюць у склады. Рапс ужо здалі: 500 тон па дзяржзаказе, на Віцебскі алееэкстракцыйны завод, а таксама на Негарэльскі КХП. Яшчэ 60 тон харчовага ячменю — па заказе.
Сушылкі не спыняюцца
На таку працуюць дзве сушылкі — КЗС-40 і КЗС-16. Абедзве на газе, іх сумарная прадукцыйнасць дасягае 200 тон зерня за суткі.
— Зерне паступае з розных палёў, у тым ліку аддаленых. Вільготнасць бывае ад 15 да 17 %. Наша задача — давесці яго да кандыцыі: 13,5-14,5 %. Такое зерне ўжо можна захоўваць і здаваць па заказах. Сушылкі працуюць кругласутачна. Нават ноччу не спыняюцца: дапрацоўваем тое, што намалацілі за дзень, — тлумачыць загадчыца.
Сёлета надвор’е падкідвае непрыемныя сюрпрызы.
— Летась у гэты час ужо ўбіралі сухое збожжа. А цяпер ідуць дажджы, яно яшчэ вільготнае. Вось ужо два дні стаялі з-за надвор’я. Але сушылкі працуюць нават падчас дажджу: мы пад навес складваем, а адтуль адразу загружаем, — расказвае Марына Казіміраўна.
У мінулым сезоне гаспадарка намалаціла 9 тысяч тон зерня. У гэтым, спадзяюцца, не менш. Усяго засталося ўбраць 1850 гектараў пшаніцы, 150 гектараў жыта, 30 — аўса і зернебабовых. Калі надвор’е дазволіць, плануюць скончыць да 15 жніўня.
За працай сушыльнага комплексу сочыць Сяргей Крупец, аператар сушыльнага комплексу. Абавязкі аператара КЗС — адказваць за тэмпературу, працэс сушкі, загрузку і выгрузку збожжа.
— Зерня шмат, трэба яго прыбіраць з пляцоўкі. Сёння — сонца, заўтра — дождж. Таму стараемся максімальна, — тлумачыць ён.
Сушыльны комплекс разлічаны на 40 тон прадукцыйнасці ў гадзіну і працуе кругласутачна. Праца арганізавана ў дзве змены.
Дачка Сяргея, Каця Паўлоўская, вучаніца кадэцкага вучылішча, таксама працуе побач з бацькам.
— Гэта была яе ініцыятыва — прыйсці працаваць летам, — кажа мужчына. — Я падтрымаў. Каця ў нас спартсменка, няхай не забывае, што Радзіме трэба дапамагаць, — усміхаецца Сяргей.
— У кадэцкім вучылішчы нас прывучаюць да дысцыпліны і парадку. А тут — тая ж адказнасць, толькі праца фізічная. Бацькі сказалі: хочаш грошай — ідзі працуй, я і пайшла. Першыя заробленыя грошы пойдуць на будучую адукацыю, — расказвае Каця.
Ведаюць цану хлеба
На зернетаку працуюць школьнікі. Адзін з самых юных памочнікаў — 14-гадовая Ганна, унучка загадчыцы Марыны Быстрымовіч.
— Я працую ўжо 12 дзён. Планую дабыць да верасня, пакуль усё зерне не збяруць, — дзеліцца школьніца. — Грошы хачу патраціць на планшэт. Працаваць тут не цяжка, бабуля падказвае (усміхаецца). А яшчэ я лепш пазнаёмілася з культурамі — цяпер ведаю, чым жыта ад ячменю адрозніваецца. Мару стаць урачом.

Усяго на таку ў дзве змены занятыя 14 падлеткаў. Яны разгружаюць зерне, трымаюць чысціню і парадак.
У гаспадарцы свой рытм. Тут ведаюць цану хлеба, бо вырасцілі яго сваімі рукамі. І каб збожжа стала хлебам, трэба не толькі пасеяць і вырасціць, але і своечасова прыбраць, прасушыць, захаваць. І гэту навуку перадаюць з пакалення ў пакаленне.
Вось так у Баравым ідзе жніво. І пакуль гудзяць сушылкі, а маладое пакаленне ведае цану кожнаму зярнятку — хлеб будзе!
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ